Суд Гродзенскай вобласці 17 чэрвеня вынес вырак29-гадовай жыхарцы вёскі Гардзіеўцы Ашмянскага раёна, якая 21 сакавіка нажом ударыла свайго74-гадовага сужытніка. Мужчына атрымаў пранікальную рану лёгкага і памёр на месцы.
Прысуд абвінавачанай — 1 год і 10 месяцаў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое мяккае пакаранне вынесенае таму, што першапачатковае абвінавачанне ў забойстве заведама старога чалавека было перакваліфікаванае ў забойства пры перавышэнні межаў неабходнай абароны.
Пракурор Ашмянскага раёна Андрэй Клышэвіч расказаў, што сам папрасіў суд аб перакваліфікацыі абвінавачання. Ён палічыў: тое, што жанчына абаранялася ад пабояў сужытніка, даказана падчас следства.
Па словах пракурора, здарэнне адбылося 21 сакавіка ў доме пенсіянера.
Як расказвала абвінавачаная, гаспадар стаў патрабаваць інтымных адносінаў. Калі жанчына адмовілася, сцягнуў яе з ложка, пачаў біць табурэткай па галаве. Сужытніца вымушаная была абараняцца і ўзяла ў рукі нож…





