«Прашу Вас правесці праверку ў Следчым ізалятары № 8 па фактах некарэктнага і абразлівага стаўлення з боку адміністрацыі СІЗА -8 да асобаў, каторыя ўтрымоўваюцца пад вартаю»,— з такіх словаў пачынаецца зварот лідара незарэгістраванага «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча ў Генеральную пракуратуру Беларусі.
У ёй палітвязень указвае, што за непрацяглы час кіраўніцтва жодзінскага СІЗА неаднаразова парушала яго правы як зняволенага, а ўнутраныя правілы, якія пануюць у калоніі, часам даходзяць да абсурду.
У прыватнасці, Дашкевіч згадвае пра фізічныя пакаранні і пагрозы насілля, забарону мець кнігі і патрабаванне адміністрацыі СІЗА адказваць на ўсе пытанні наглядчыкаў хорам і
Перадаць зварот у Генпракуратуру Дашкевічу ўдалося толькі з адвакатам, якая наведала яго ў Жодзіна ў пятніцу. «Я думаю, Зміцер пісаў мне аб усім гэтым і раней, толькі лісты не даходзілі. Ён нумаруе іх, а я атрымліваю далёка не ўсё», — расказала «НН» актывістка «МФ» Наста Палажанка. Дзяўчына лічыць, што адміністрацыя СІЗА свядома дзейнічае з парушэннямі ў дачыненні да Змітра, жадаючы выслужыцца, зламаўшы палітвязня.
«Я лічу, што гэта мясцовая ініцыятыва. Яны проста хочуць паказаць, што змусілі палітвязня падпарадкоўвацца ім. Аб гэтым гаворыць і перадузятае стаўленне, і забарона карыстацца беларускай мовай.Аднак я хачу заўважыць, што ніводзін такі крок з боку адміністрацыі СІЗА не застанецца без увагі. Мы даведаемся прозвішчы тых, хто аказвае ціск на Змітра і даб’емся таго, каб яны фігуравалі ў „чорных спісах“ ЕС. Кожны павінен адказваць за тое, што робіць», — распавяла Н.Палажанка.
Зараз Зміцер Дашкевіч, асуджаны на два гады зняволення, чакае этапу ў Горкі. Гэтая калонія лічыцца адной з самых жорсткіх у краіне.





