Афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў стаў друкаваць лісты, што прыходзяць да іх. Вельмі цікавае пісьмо было змешчана на старонцы МУС 17 чэрвеня.

Цяжка сказаць, ці гэта зварот ад сапраўднага жыхара Латвіі Уладзіміра Тарасенкі, ці фэйк.

Аўтар ліста перасцерагае сённяшніх міліцыянтаў, што ў выпадку змены ўлады нікому патрэбныя яны не будуць. Ён прыводзіць прыклад Латвіі, дзе многія міліцэйскія начальнікі падтрымалі змены ў краіне, са спадзевам, што застануцца ва ўладзе.

«Пакуль яны былі патрэбныя, іх выкарыстоўвалі на пэўным этапе, а затым усіх, абсалютна ўсіх, звольнілі пад рознымі падставамі, нягледзячы ні на якія заслугі і на якія там вышэйшыя акадэміі і курсы ў Маскве. Таму ніхто з прафесіяналаў не спатрэбіцца (у выпадку «перамен») — паставяць на ключавыя пасады ўсюды сваіх людзей без адукацыі. Так што, паважаныя хлопцы, змагайцеся да канца за нашу любімую Беларусь і адначасова за сябе», — піша аўтар ліста.

Уражвае таксама блатны жаргон гэтага ліста. Тым не менш, ён даецца без прыхарошванняў. Вось некаторыя цытаты.

«Многа «шакалаў» развялося ў Беларусі, рвуцца да ўлады ўроды.
Больш жорстка з імі, асабліва больш надавайце ўвагі на тых, хто працуе «пад дурака». Гэта яны ўсе прыкідваюцца, яны дуракі ў свой бок, ясен перац губа не дура, ведаюць, як на шару праскочыць на чужым гарбу.
Ну і, канечне, асаблівую ўвагу арганізатарам — гэта ўвогуле сапраўдныя звяры».

Звычайна людзі, тым больш маракі, як прэзентуе сябе Тарасенка, калі пішуць лісты, не ўжываюць столькі двукоссяў. Дый сам стыль ліста падобны хутчэй да стылю аднаго знанага ў Беларусі журналіста.

Ліст можа быць рэакцыяй на рост крытычных настрояў у сілавых структурах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?