Зараз, калі актуальнай стала тэма навагодняга балю ў адгазьніках, цікава згадаць падзабытыя пэрыпэтыі першай газавай вайны.

Яна разгарэлася, нагадаю, у лютым 2004-га. "Газпром" наважыўся на бліцкрыг праз тое, што Беларусь ад Новага году цягнула рызіну з падпісаньнем кантракту.

І тут пачалося. Менавіта тады Аляксандар Лукашэнка выдаў цэлую нізку афарызмаў, што цытуюцца дасюль. І пра сумеснае з расейцамі гніеньне ў акопах (на якое, маўляў, наплявала цынічная карпарацыя); і пра акт тэрарызму на самым высокім узроўні; і пра тое, што стасункі з Масквой надоўга атручаныя газам...

Тая вайна не абышлася і бяз вострых удараў на дыпляматычным фронце.

З Масквы быў адкліканы амбасадар Грыгор'еў. А расейскі МЗС улупіў ўвогуле беспрэцэдэнтнай заявай.

Тады першы і пакуль што апошні раз афіцыйная Масква ўсклала на Лукашэнку "адказнасьць за тыя сыстэмныя памылкі ва ўнутранай і замежнай палітыцы краіны, якія тармозяць сацыяльна-эканамічнае разьвіцьце дзяржавы і якія ўжо прывялі да ізаляцыі Беларусі на міжнароднай арэне".

Ці ня праўда, такое ўражаньне, што тэкст пісаўся ў Страсбуры або Вашынгтоне?

Празь некалькі месяцаў мне ў ліку іншых журналістаў давялося браць інтэрвію ў в.а. першага намесьніка міністра замежных спраў Расеі Лашчыніна (дарэчы, былога амбасадара ў Менску).

Мы гутарылі ў знакамітым хмарачосе расейскага МЗС на Смаленскай плошчы.

Саюзьнікі датуль памірыліся, і вальяжны Лашчынін сыпаў круглымі фразамі пра посьпехі інтэграцыі ды каардынацыі вонкавай палітыкі.

Вось тады ваш пакорлівы слуга і сапсаваў абедню, падкінуўшы правакацыйнае пытаньне пра лютаўскую заяву расейскага МЗС. Дык калі ж вы, панове, былі шчырыя?

Лашчынін пачырванеў і з бачнай неахвотай кінуў:

— Што было, тое было. Мы ад сваіх слоў не адмаўляемся.

І хуценька напусьціў туману. Мой дыктафон зафіксаваў сапраўдныя пэрліны пакручастасьці:

— Ёсьць рэчы, якія працягваюць заставацца ў далікатным стане, і вонкавае ўзьдзеяньне на іх можа прывесьці да пэўнага калі не перакульваньня, дык адступленьня ад ужо дасягнутага...

Бліскучая ілюстрацыя максымы Талейрана пра тое, што язык дадзены дыплямату, каб утойваць думкі!

...Ну а потым, як вы ведаеце, Масква з ранейшым імпэтам заступалася за афіцыйны Менск ва ўсіх міжнародных арганізацыях і закідала Захаду падвойныя стандарты.

А як тады назваць стандарты Масквы?

І, праўда ж, цікава, ці прарве дыпляматаў са Смаленскай гэтым разам?

Калі Крэмль дасьць адмашку, то можам зноў пачуць шмат цікавага.

Фота з архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?