У трох дзясятках гарадоў людзі выходзяць на цэнтральныя плошчы кожную сераду а 19-й і проста гуляюць. Такая ініцыятыва нарадзілася ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. У Мінску далучыліся аўтамабілісты. Яны прыязджаюць у цэнтр і сігналяць. Людзі патрабуюць палітычных і эканамічных перамен.

Народныя гулянні ў сталіцы.

Народныя гулянні ў сталіцы.

Людзі проста выходзяць на цэнтральныя плошчы і гуляюць. А іншыя сядаюць у машыны, ездзяць вакол плошчаў і сігналяць.

Ідэя такой незвычайнай формы пратэсту нарадзілася ў сацыяльных сетках.

Калі нехта выходзіць з лозунгамі, яго адразу ж хапаюць. Таму інтэрнаўты прыдумалі: проста выходзіць і гуляць. Прычапіцца няма да чаго. Дый для здароўя карысна.

Першыя акцыі СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва», нават не заўважылі.
Заклікі на іх распаўсюджваліся толькі ў сацыяльных сетках, а выходзіла на плошчы пара дзясяткаў людзей.

Аднак ідэя спадабалася сваёй простасцю. І 15 чэрвеня ў цэнтр Мінска высыпала столькі людзей, што напалоханыя ўлады закрылі для выхаду станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» і заблакавалі турнікетамі плошчы Кастрычніцкую і Свабоды. Усё марна:

людзі мірна весяліліся на тратуарах.

У сацыяльных сетках загадзя распаўсюджвалася схема, дзе гуртавацца для гуляння ў выпадку блакавання Плошчы. Але схема пратэсту настолькі «самаарганізацыйная», што і так усё ясна. Калі не тут, дык там.

Пакуль адны людзі гуляюць на вуліцах, другія прыязджаюць у цэнтр у аўтамабілях і проста павольна ездзяць па вуліцах вакол цэнтральнай плошчы, сігналячы.

Кадры з Мінска, калі людзі проста стаяць на тратуарах і апладзіруюць, абышлі ўсе тэлеканалы.

«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» — так называецца суполка «Вконтакте», з якой выйшлі першыя заклікі штосерады збірацца між 19.00 і 19.30. «Першыя сустрэчы можа быць мала людзей, але з кожным разам нас будзе станавіцца ўсё больш», — верылі арганізатары суполкі.

На дадзены момант яна налічвае больш за 9 тысяч удзельнікаў. У іх на аватарцы сціснуты кулак і заклік «Дапамажы блізкаму перамагчы страх».

Але яна не адна. У інтэрнэце такіх суполак шмат.

Няхітрая тактыка працуе.

У мінулую сераду людзі выйшлі на плошчы тых гарадоў, дзе гадамі не было ніякіх акцый пратэсту
. «У Светлагорску было проста супер», «Думаў, што ў Слуцку будзем адны з жонкай, а так прыемна было!», «У Жодзіне ўжо хоць нешта». Гэта тыповыя запісы «Вконтакте» ўдзельнікаў гэтых акцый. Людзям надакучыла «такое жыццё».

Для Брэста паўтысячы чалавек на плошчы Леніна — гэта вялікая лічба. У рэгіёнах да ўдзельнікаў сацыяльных сетак далучыліся і актывісты апазіцыі.

Сацыяльная сетка «Вконтакте» з’яўляецца найпапулярнейшай у Беларусі. Па самых сціплых падліках, у ёй зарэгістравана 2 мільёны 700 тысяч беларусаў. Вось чаму менавіта іхняя платформа, а не Фэйсбук была абраная для збірання людзей на плошчы. Дарэчы, акцыі падтрымкі Народных гулянняў у сераду распачаліся і ў Фэйсбуку і Твітары.

Прадстаўнікі ўлады возяць юнакоў-завадатараў на прафілактычныя гутаркі ў міліцыю і пракуратуру, праслухоўваючы тэлефоны
. Многіх затрымлівалі 15 чэрвеня для высвятлення асобы, у Гродне — горадзе, які выклікае ва ўладаў традыцыйны страх — ужывалі сілу. Дарэчы, усё гэта груба парушае канстытуцыйнае права на свабоду слова і сходаў. Аднак хвалю збіць не ўдаецца.

Пра гэта з раздражненнем згадваў на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка.

«Мінгарвыканкам вызначыў. Там — калі ласка: на аўтамабілях, на павозках, на конях, на сабаках, што заўгодна ў межах прыстойнага праводзьце.
Але калі ты блакуеш праспект Незалежнасці, палітычны праспект, і перашкаджаеш іншым людзям, на гэта трэба рэагаваць жорстка», — сказаў ён.

Ён паабяцаў міністру ўнутраных справаў Куляшову, што ў выпадку паўтарэння акцыі «Стоп-бензін», калі ў пратэсце супраць росту цэнаў людзі заблакавалі цэнтр Мінска, ён можа пазбавіцца пагонаў. Гэта было б забаўна: за крызіс у адстаўку не сышоў ніхто, а вось за пратэсты караюць.

Інтрыга наступных мерапрыемстваў заключаецца ў тым, ці будуць Народныя гулянні нарастаць — ці хопіць у завадатараў крэатыву.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?