Праклятая Другая сусветная вайна не адпускае нас і праз семдзесят з лішнім гадоў пасля яе пачатку. Дзяржаўная прапаганда працягвае шуміху вакол тых трагічных гадоў, працягвае бярэдзіць раны і эксплуатаваць псіхалагічную траўму грамадства і боль людзей для свайго ўмацавання, перашкаджаючы аналітычнаму падыходу да гісторыі той вайны. Як было б лепей, калі б Другой сусветнай ніколі не бывала.

Зусім нядаўна прайшла навіна пра тое, як расійскае міністэрства абароны ўзяло ды знішчыла архіў Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення, дзе захоўвалася інфармацыя пра расійскія арсеналы і пра вытворчасць зброі за некалькі стагоддзяў. Нашто гэта магло быць зроблена, і што гэта можа быць, як не злачынная халатнасць? Якая выснова з гэтага?

Выснова з гэтага — прэзумпцыя таго, што расійскія вайскоўцы хаваюць канцы ў ваду і дэманстрацыя таго, як яны ставяцца да архіваў. Гэта азначае, што

калі СССР сапраўды рыхтаваўся першым напасці на гітлераўскую Нямеччыну, дык адпаведныя дакументы ў архівах дзеля палітычных мэтаў могуць быць падробленыя ці знішчаныя — калі яны не былі знішчаныя ўжо даўно.

Прычым я не бачу дрэннага ў тым, каб СССР рыхтавацца да вайны з Гітлерам, прычым да атакуючай вайны. Вайна была б непазбежная так і гэтак, савецкае кіраўніцтва гэта ўсведамляла. А напад — найлепшы сродак абароны.

Больш цікавіць, чаму сучасныя апалагеты Сталіна і СССР нак упарта адмаўляюць саму магчымасць падрыхтоўкі СССР да напада на Нямеччыну, з такой злосцю нападаюць на немэйнстрымавых гісторыкаў Марка Салоніна і Віктара Суворава, якія вывучаюць гэтае пытанне.

Той факт, што

Другая сусветная вайна пачалася на два гады раней, у верасні 1939 г., і што сталінскі Савецкі саюз, на жаль, у першыя месяцы вайны вёў сябе як хаўруснік Гітлера, напаўшы на нявінныя Польшчу і Фінляндыю,
ім вока ня рэжа, а магчымы напад на Гітлера ўспрымаецца як абраза і хвальсіфікацыя, бач ты, гісторыі.

Нават пры тым, што пачаць вайну — адна справа, а толькі хацець яе пачаць — іншая справа, магчымая наяўнасць планаў першага ўдара СССР у чарговы раз бурыць прапагандысцкі міф пра бязгрэшнасць і праведнасць савецкага боку ў той вайне. А разам з гэтым бурыць трываласць эклектычнай сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі ў Расіі — а перадусім у Беларусі.

Калі міф пра «Вялікую айчынную вайну» не працуе для доўгатэрміновага і трывалага нацыябудаўніцтва — можа грунтаваць дзяржаўную ідэалогію, будаваць нацыянальную ідэнтычнасць на нейкіх больш вечных і больш адназначных рэчах у нашай тысячагадовай гісторыі? І святкаваць Дзень незалежнасці не ў дзень, калі замест нямецка-фашысцкіх акупантаў у Менск прыйшлі савецкія (а палова Беларусі так і заставалася пад немцамі, калі на то пайшло), але ў дзень, калі Беларусь абвесціла незалежнасць? Такіх дней мы маем ажно тры: 25 сакавіка (1918 г.), 27 ліпеня (1990 г.) і 25 жніўня (1991 г.).

***

Мне найбольш яскравай ілюстрацыяй магчымых наступальных планаў СССР у 1941 годзе заўсёды быў помнік савецкім лётчыкам у блізкім мне з самога дзяцінства мястэчку Бяроза-Картуская.

Бяроза здаўна была важным апорным пунктам савецкай авіяцыі, авіябаза там знаходзіцца, здаецца, і да гэтага часу.

Непадалёк ад усходняга ўезду ў места стаіць помнік савецкім авіятарам, што ваявалі тут у першыя дні пасля нападу Нямеччыны на СССР (не зважайце, што на ім усталяваны нашмат пазнейшы рэактыўны самалёт).

помнік савецкім лётчыкам, якія ваявалі над Бярозай у чэрвені 1941 г.

помнік савецкім лётчыкам, якія ваявалі над Бярозай у чэрвені 1941 г.

сем палком бамбардоўшчыкаў

сем палком бамбардоўшчыкаў

Надпіс на помніку кажа:

«Героическим летчикам 91, 121, 125, 130, 162, 207, 212 бомбардировочных авиаполков, храбро сражавшимся с врагом в первые дни Великой Отечественной Войны» (выдзелена мною)

То бок,

у чэрвені 1941 г. над Бярозай з немцамі ваявалі сем бамбардовачных палкоў
(з іх 121 і 125 — магчыма, што лёгка-бамбардовачныя і квартаваліся адзін у Магілёўскай, другі — у Гомельскай вобласці), то бок не менш за 200–300 бамбардоўнікаў. Я не вайсковец, але заўжды здавалася, што бомбары — перадусім наступальная і выведвальная, а не абараняльная авіяцыя. Ці не?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?