Сёньня я спытаўся ва Ўладзімера Арлова: вось ці здольнае беларускае кіраўніцтва зьмяніць ідэалягічную кружэлку?

Здавалася б, пярэдадзень газавай вайны — найзручнейшы момант, каб адкінуць высмактаныя з пальца пастуляты ды стаць на грунт нацыянальнай ідэі. Не сумеснае гніеньне ў акопах на шчыт уздымаць (ну не працуе гэта ўжо, не працуе!), а, напрыклад, бітву пад Воршай. Ня сталінскім палкаводцам бюсты ставіць, а Канстанціну Астроскаму з Кастусём Каліноўскім!

Во гэта быў бы моцны палітычны ход дзеля кансалідацыі элітаў, уздыму беларускага духу!

Але ж...

Дык чаму ня могуць пераступіць бар'ер?

Замест наўпроставага адказу Уладзімер Арлоў прапанаваў адну цікавую гісторыю — легенду ці быль, мяркуйце самі.

Тры гады таму, кажа, выйшла ў Славаччыне ягоная кніга "Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя" (аформленьне Зьмітра Герасімовіча). Дарэчы, экспэрты "НН" прызналі яе лепшым выданьнем 2003 году.

Трапіў гэты шыкоўны фаліянт і ў асобныя нашыя кнігарні. Але ж такі тавар для гандляроў заўжды рызыка. Арлоў — прозьвішча крамольнае.

І вось заходзяць у адну сталічную краму двое прадстаўнічых мужчынаў з пасьведчаньнямі надта важнай адміністрацыі. Ёсьцека кніга Арлова?

У дырэктаркі душа ў пяты: ну, будуць зараз канфіскоўваць!

А яны — фантастыка! — узялі ды і прыдбалі праз "безнаяўку" паўсотні асобнікаў.

А празь нейкі час, кажуць, самы высокі чын ўручаў тыя фаліянты разам з мэдалямі школьнікам — пераможцам прэстыжных алімпіядаў.

Дык вось, падсумаваў свой расповед Уладзімер Арлоў, я, маўляў, веру, што адзін асобнік Ён пакінуў сабе. І пэўна ж калі-нікалі гартае...

А потым мой суразмоўца перайшоў на цалкам сур'ёзны тон. І са скрухай зазначыў, што нашы кіроўныя вярхі, на жаль, відаць, не гатовыя перагледзець свой падыход да нацыянальнай гісторыі.

"Хаця вельмі хацеў бы памыліцца, — кажа Арлоў. — Бо зьмена вэктару даўно насьпела. Наша эўрапейская гісторыя ёсць пропускам Беларусі ў Эўропу. І сёньня Расея газавым ціскам, як ні парадаксальна, нагадвае нам, што Беларусь ёсьць часткай Эўропы".

Ва ўсякім разе, маленькі прагрэс маем. Арлова заўжды раздражняла, калі чыноўнікі называлі Беларусь "рэспублікай". Цяпер спрэс цьвердзяць: "Газпром" замахнуўся на нашу КРАІНУ!

Дый увогуле чыхвосьцяць газавых агрэсараў па поўнай праграме.

Іншым разам пачынае здавацца, што нават у нашых "гаспадарнікаў" абуджаецца здаровы партызанскі дух.

А што, яшчэ адна газавая вайна — глядзіш, і ўпішуць у каляндар Дзень беларускай вайсковай славы :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?