Каляды. Вяртаньне
Калядныя віншаваньні — ня проста піўная рэкляма,Калі з гразёй на асеньніх ботах па лужынах ходзіць зіма.
Знаёмая кажа, што сьнег у Варшаве і ў Лёндане, мабыць, таксама,
А ў Менску тры дні да Калядаў, а сьнегу яшчэ няма.
Сьвяты Мікалай з падарункамі вяртаецца ўвечары з рынку
Прыгараднай электрычкаю на дваццаць чацьверты пуць,
Бо ўночы калядныя мары абудзяць адну дзяўчынку,
А тата з мамай ня чэшуцца і спакойна храпуць.
У замежных паштоўках — шчасьце ў вершах і прозе,
У замежных кнігарнях — паліцы сьвяточных тамоў,
А нашы сябры і сямейнікі збольшага ўсе ў дарозе
І яшчэ невядома, ці пасьпеюць дамоў.
Бо тонны вільготнай восені павісьлі над галавою,
Бо хмары ў паветры — як радыё нянашага настальжы.
І едзеш з восеньскай Вільні восеньскаю Літвою...
І сьнег пачынае падаць на беларускай мяжы.
А дома чакаюць прэзэнты каля каляднай ялінкі
І ў пляшках закаркаваныя сьвяточнай радасьці хвалі, —
Калі ўсенародны блазан высуне галаву з тэлескрынкі,
А мы ў адказ: «Позна, дзядзька, нас ужо віншавалі!»
.
0
0
0
0
0
0