Субота, 30 сьнежня

АНТ, 09.05

«Зыгзаг удачы» (Зигзаг удачи)

Расея, 1968, чорна‑белы, 88 хв.

Рэжысэр: Эльдар Разанаў

Ролі выконваюць: Яўген Лявонаў, Валянціна Талызіна, Яўген Еўсьцігнееў, Георгі Буркоў, Зінові Герт

Сатырычная камэдыя/

Малады фатограф выйграе па аблігацыі вялікія грошы. На працы — скандал, бо аблігацыя ўпотайкі была купленая за складкі касы ўзаемадапамогі, старшынём якой быў герой. Толькі Новы год зьмірыў калегаў. Карціна не настолькі знакамітая, як іншыя творы Разанава, але па‑свойму паказальная.

БТ, 12.10

«Гэта вясёлая плянэта» (Эта весёлая планета)

Расея – Беларусь, 1973, каляровы, 94 хв.

Рэжысэры: Юры Саакаў, Юры Цьвяткоў

Ролі выконваюць: Савелі Крамараў, Леанід Кураўлёў, Кацярына Васільева

Камэдыйна‑музычнае кінасьмецьце.

Абсалютна дурацкая, халтурная і мілая гісторыя пра тое, як іншаплянэтнікі трапілі на сустрэчу Новага году. Скласьці канкурэнцыю карнавальным маскам яны не змаглі, але зразумелі, што такое зямны гумар (для тых, хто яго знойдзе). «Іншаплянэтнік» з колам ад ровару над галавой — гэта штосьці...

Карціна — толькі для сталых аматараў трэшу.

АНТ, 23.40

«Цырульнік» (The Barber)

Канада — Вялікабрытанія, 2001, каляровы, 94 хв.

Рэжысэр: Майкл Бафара

Ролі выконваюць: Малькольм Макдауэл, Джэрэмі Рэчфард, Гарвін Сэнфард.

Жанр: Псыхапаталягічны трымценьнік

Ня ўсім жа на сьвяты радавацца... Аляска. Палярная зіма. У мястэчку адбываюцца дзіўныя забойствы маладых жанчынаў. І толькі чалавек зь лязом у руках ведае, дзе шукаць злачынцу...

Карціна была названая адной зь лепшых незалежных стужак 2001 г.

Нядзеля, 31 сьнежня

Стандартнае мэню навагодніх фільмаў:

«Карнавальная ноч» (БТ, 12.10)

«Чараўнікі» (СТВ, 13.35)

«Іронія лёсу, альбо Лёгкі дух» («Лад», 20.35)

І навагоднія звароты … па БТ, АНТ, СТВ, Ладу, і нават па НТВ.

Мо ну яго, той тэлевізар?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0