Перад домам стаіць тумба “Выбарчая кампанія”. Пустая.
За два тыдні на ёй не зьявілася аніводнай улёткі. Нарэшце, тумба ад ветру павалілася. Яе так ніхто і не падняў.
Тумба валяецца акурат насупраць плякату “За Гаспадара, які ўсё гэта стварыў”.
***
У тралейбусе – два хлопцы. Адзін, нападпітку, разваліўся на сядзеньні. Другі, дзелавы, трымаецца на нагох. Кантралёрка абураецца, што п’яные залезьлі ў тралейбус. Дзелавы раскрывае партманэ – каб усе бачылі – з фатаграфіяй Лукашэнкі. Кантралёрка адразу змаўкае і шчэміцца падалей.
Дзелавы тэлефануе па мабільнаму і ўголас скардзіцца, што у мэтро іх не пусьцілі.
Відаць, фатаграфія не падзейнічала.
***
Пасьля зацемкі – тумбу паставілі. Крыва.
На скалдобленай тумбе – сіратлівы шэры аркушык.
Мяккі, пашкамутаны, скамечаны...
Ганаровы.
Акурат для "вэртыкальнага" твару...
***
Фэервэрк ля Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод навагодніх, сярэднеалькагольных галасоў вылучаецца жвавае "Жыве Беларусь!"
– Дабранач! – зьвяртаецца міліцыянт, – ці не маглі бы вы прайсьці з плошчы? Зараз тут будзе прыборка...
Міліцыянты зь вёдрамі і венікамі – гэта нешта!
Але замест абяцанага ахоўнікі ачапілі бібліятэку.
Відаць, каб дыямэнт ня скралі.
***
Шматпакутную тумбу ізноў павалілі. І ня проста павалілі – перацягнулі на іншы бок вуліцы.
"Перадвыбарчая" барацьба ў самым разгары.





