Тыраназаўры з рэштак трактара «Беларус», іржавыя кветкі з гаек і дыскаў – Андрэй Капусьнікаў стварае свой жывёльны і расьлінны сьвет з жалезнага сьмецьця грамадзтва спажываньня.

Металічныя стварэнні мастака – іронія над жыццём сучаснага горада і над рэчамі, якімі звычайна акаляе сябе чалавек. Кожны аб’ект матэрыяльнай культуры, любыя каштоўнасці і светапогляды – усё, што здаецца чалавеку важным, пакрыецца ў свой час iржой як супарт такарнага станка, каленчаты вал або кусок арматуры, з якіх нараджаюцца металічныя фантазіі Капусьнікава.

Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» мае цікавасць да сучасных і неардынарных беларускіх мастакоў, таму кожная выстава галерэі ўражвае новым канцэптуальным поглядам на свет. «Капусьнікаў – творца, які адчуў вельмі важную тэндэнцыю і змог стварыць жывы свет з урбаністычных крушняў. Соцыум стаміўся ад бесперапыннага прадукавання грувасткіх, неэфектыўных і, як апынулася, крухкіх механізмаў», – тлумачыць куратар выставы Таццяна Бембель.

Парадаксальныя стварэнні Андрэя Капусьнікава цікавяць не толькі прафесійных культуролагаў, яны грэюць душу непасрэдна канаючым у багне індустрылізацыі бізнесоўцам. Металапластыка Капусьнікава – шыкоўны атрыбут офісных інтэр’ераў. Менавіта аматары іржавай жалезнай флоры і фауны з шэрагу мінскай і маскоўкай дзелавой эліты прапанавалi мастаку зрабіць выставу і дапамаглi ў яе рэалізацыі.

Тэхнічныя характарыстыкі:

Андрэй Капусьнікаў нарадзіўся 7.02.1963 у г. Чэркеск. У 1970 пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння Медыцынскага вучылішча 12 год працаваў зубным тэхнікам. Металапластыкай пачаў займацца з пачатку 90-х. Яго работы знаходзяцца ў Беларусі (у прыватнасці, ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея РБ), Літве, Германіі, Англіі, Даніі. «Б/У. Флора і фауна» – першая персанальная выстава мастака.

Галерэя «Універсітэт культуры»: Кастрычнiцкая пл., 1 (Палац Рэспублiкi)

Тэл.: 227- 26-12

Выстава працуе 4 – 21 студзеня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?