Актывіста арганізацыі «Малады фронт» Алега Корбана звольнілі з працы. Моладзевы актывіст працаваў шліфоўшчыкам на Менскім заводзе шасьцерняў. Ён лічыць, што звальненьне — гэта перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць. Актывіст зарэгістраваны кандыдатам на дэпутата Менскага гарсавету ў 23‑й выбарчай акрузе.

Алег Корбан ад сёньняшняга дня лічыцца беспрацоўным. Ён распавёў «Радыё Свабода», што напрыканцы году пайшоў у аддзел кадраў заводу шасьцерняў і папрасіў даць яму двухтыднёвы адпачынак для агітацыйнай працы. Алег спаслаўся на тое, што зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты гарадзкога савету.

«Прыйшоў майстар, начальнік цэху. Яны ўсё мне падпісалі й накіравалі да начальніка аддзелу кадраў Федаровіча. Ён там сабраў намесьніка ў ідэалягічнай працы ды іншых. Яны мне паведамілі, што не падпішуць. Казалі, што яны як наймальнікі маюць права не падпісаць. Так што яны мяне не адпускаюць. У той дзень, пакуль я зьбіраў подпісы ды хадзіў да іх, прайшло каля трох гадзінаў. Яны мне потым казалі, што могуць аформіць мяне па артыкуле, бо гэта лічыцца як прагул. Тады я сказаў, што буду звальняцца на ўласнае жаданьне», ‑‑ паведаміў Алег Корбан.

Начальнік цэху, дзе Алег працаваў шліфоўшчыкам, пагадзіўся даць яму магчымасьць звольніцца на ўласнае жаданьне.

«Я не хачу, каб мяне звольнілі паводле артыкулу, бо потым вельмі цяжка знайсьці працу, калі ў працоўнай кніжцы ёсьць такі запіс. Намесьнік дырэктара ў ідэалёгіі быў вельмі абураны тым, што я зарэгістраваўся кандыдатам на дэпутата. Ён пачаў выказваць свой сьветапогляд. Казаў, што Рэспубліка Беларусь зьявілася дзякуючы таварышу Леніну і ўсё, што мы робім, гэта няправільна. Я лічу, што быў звольнены менавіта з палітычных матываў, найперш за маю апазыцыйную дзейнасьць», ‑‑ лічыць Корбан.

Алег Корбан паведаміў, што звальненьне не паўплывае на ягоны намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Алег Корбан у 2006 годзе тройчы адбываў адміністрацыйныя арышты ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Спачатку адседзеў 10 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў на Кастрычніцкай плошчы 16 лютага. 19 сакавіка, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, яго затрымалі раніцай у кватэры й пасадзілі на 5 сутак.

Яшчэ 15 сутак маладафронтавец правёў за кратамі за ўдзел у акцыі апазыцыі, прысьвечанай Дню правоў чалавека 10 сьнежня. Летась ягонае прозьвішча было ў сьпісе актывістаў арганізацыі «Малады фронт», супраць якіх КДБ распачаў крымінальныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?