Канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй у гандлёва‑эканамічнай сферы, які ўвесь час нарастае, падрывае асновы «саюзнага будаўніцтва» і ў выніку можа прывесці да ўсталявання паўнавартаснай мытнай мяжы паміж дзяржавамі, лічыць намеснік кіраўніка камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Анатоль Красуцкі. «Распачатыя абаімі бакамі дзеянні па пытанні паставак расейскай нафты ў Беларусь падрываюць асновы, закладзеныя ў рамках Дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы», і закранаюць асноўныя каштоўнасці саюзнага будаўніцтва – Мытны саюз», – заявіў А.Красуцкі «Інтэрфаксу» у чацвер.

«Палатнік» лічыць, што адным з галоўных чыннікаў распачатых Расеяй дзеянняў па пастаўках у Беларусь газу і нафты з’яўляецца імкненне расейскага боку атрымаць «смачныя кавалкі беларускай уласнасці». «Расея назапасіла досыць магутныя эканамічныя рычагі і мускулы за кошт атрымання мільярдаў нафтадаляраў, якія неабходна кудысьці ўкладаць. А у Беларусі ёсць прынадныя галіны, якія з’яўляюцца цікавымі для расейскага бізнэсу – нафтаперапрацоўка, Белтрансгаз, Беларуськалій, Беларускі металургічны завод», – сказаў А.Красуцкі. У сувязі з гэтым, паводле яго, «мы сёння і назіраем эканамічны прэсінг і ціск з боку Расейскай Федэрацыі».

Намеснік кіраўніка парламенцкай камісіі лічыць абгрунтаваным і адэкватным прыняцце беларускім бокам рашэння аб увядзенні мытнай пошліны на транзіт расейскай нафты па беларускіх нафтаправодах у адказ на рашэнне ўрада Расеі ўвесці пошліну на пастаўкі нафты ў Беларусь. А.Красуцкі таксама мяркуе, што дадзенай сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б бакі своечасова вырашылі праблему падзелу экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты. «У дадзеным выпадку беларускі ўрад не досыць гнутка спрацаваў у гэтых пытаннях, выявіўшы залішнюю самаўпэўненасць», – адзначыў А.Красуцкі.

«Расея выразна прадэманстравала намер будаваць эканамічныя адносіны з Беларуссю на рынкавых прынцыпах. Таму цалкам справядлівым з`яўляецца жаданне беларускага боку выставіць Расеі прапановы па аплаце ўсіх паслуг, якія аказваюцца ёй у Беларусі», – сказаў дэпутат. Так ён пракаментаваў патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі паставіць пытанне «аб транзіце расейскай нафты праз Беларусь, аб аплаце гэтага транзіту, аб аплаце за зямлю, якая выкарыстоўваецца пад газавыя і нафтавыя трубы, а таксама паставіць пытанне аб уласнасці Расеі тут».

А.Красуцкі выказаў здагадку, што «наступным крокам Расеі стане павелічэнне чыгуначных тарыфаў для Беларусі». «Абмен гэтымі ўколамі будзе ісці датуль, пакуль нешта не зраўнуецца і выйдзе на рынкавую аснову. Або пакуль мы не паставім мяжу, што прывядзе ў нармальнае цывілізаванае рэчышча ўсе гэтыя адносіны», – заявіў «палатнік».

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?