Прадстаўніца Беларусі Алена Ланская лідзіруе па выніках першага дня XХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, які праходзіць у рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

Першае конкурснае выступленне дваццаці маладых выканаўцаў з дваццаці краін свету адбылося вечарам 11 ліпеня ў Летнім амфітэатры. У суправаджэнні фанаграмы «мінус адзін» канкурсанты выканалі песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове.

25-гадовая беларуская ўдзельніца выходзіць на сцэну пад другім нумарам, які выпаў ёй па выніках лёсавання. За песню «Неба ведае», якую Ланская выканала на рускай мове, яна набрала 89 балаў з 90 магчымых. Усе члены журы на чале з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам паставілі ёй найвышэйшы бал — 10. Адзіную «дзявятку» прадстаўніцы Беларусі паставіла папулярная спявачка з Сербіі, уладальніца Гран-пры конкурсу «Віцебск-1997» Святлана Слаўковіч.

З адрывам у адзін бал услед за Ланской па выніках першага конкурснага дня ідуць чэх Давід Дэйл і ўкраінец Уладзімір Квасніца (па 88 балаў). На трэцім месцы — прадстаўніца Літвы Рута, якая набрала 86 балаў. Аднолькавая колькасць балаў, 83, адразу ў чатырох канкурсантаў: балгарына Дзімітра Атанасава, расіянкі Мары Карне, малдаванкі Крысціны Скарлат і казаха Алішэра Карымава.

Далей месцы ў конкурснай табліцы размеркаваліся наступным чынам: Дайніс Скутэліс (Латвія, 82 бала), Нарэк Макаран (Арменія, 80 балаў), Баян Стойкаў (Македонія) і Малгажата Глуўка (Польшча) — па 78 балаў, Андрэя Жыманева (Славакія, 77 балаў), Маргарыта (Эстонія) і Звіяд Абашыдзэ (Грузія) — па 75 балаў, Аніс Батыста (Куба, 74 бала), Марыя (Румынія, 72 бала), Джэні Чаці (Італія) і Тахміна Ніязава (Таджыкістан) — па 69 балаў. Замыкае табліцу (з 68 баламі) прадстаўніца Азербайджана Айнішан.

Па рэакцыі амфітэатра было зразумела, хто з’яўляецца фаварытам у публікі. Гледачоў уразіў моцны голас саліста Данецкага нацыянальнага акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра Уладзіміра Квасніцы, які выканаў на роднай мове раманс «Чорныя бровы».

Вельмі цёла зала сустрэла самага старэйшага ўдзельніка конкурсу, 33-гадовага грузіна Звіяда Абашыдзэ. Ён крануў усіх выдатным выкананнем знакамітай «Суліко».

Запомніўся гледачам і латыш Дайніс Скутэліс, які выйшаў на сцэну ў вобразе Квазімоды і выканаў арыю гэтага героя з мюзікла «Нотр-Дам дэ Пары».

22-гадовая кубінка Аніс Батыста завяршыла свой выхад на сцэну на патрыятычнай ноце: «Як і мая краіна, я такая ж маленькая, але вельмі ганарлівая і моцная!».

Сёння ўдзельнікі конкурсу будуць выконваць эстрадную песню кампазітара славянскай краіны, на адной са славянскіх моў, у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Балы, набраныя ў другі дзень, будуць сумавацца з атрыманымі напярэдадні.

Уладальнікі Гран-пры, а таксама першай, другой і трэцяй прэмій і спецыяльных узнагарод конкурсу «Віцебск-2011» стануць вядомыя ў сераду, 13 ліпеня, на цырымоніі ўзнагароджання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?