Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс «NewsBG.ru — балгарскія навіны па-руску» са спасылкай на акцыянернае таварыства «ВІК-Бургас», якое займаецца водазабеспячэннем. Інцыдэнт адбыўся ў гатэлі «Грын Парк» у Кітэне (паўднёвая частка чарнаморскага ўзбярэжжа Балгарыі).

Паводле сцвярджэння «ВІК», гэты гатэль афіцыйна падключаны да цэнтральнага водазабеспячэння горада Кітэна, але ён таксама «выкарыстоўваў нерэгламентаваную крыніцу водазабеспячэння», якая, як мяркуецца, і з’явілася прычынай заражэння бактэрыяльнай інфекцыяй. Прэс-сакратар «ВІК» заявіў, што «калі прычынай атручэння з’яўляецца пітная вада, якая падаецца цэнтралізавана, то аналагічныя праблемы павінны быць ва ўсіх жыхароў гарадоў Кітэн і Прыморска».

У раённай інспекцыі аховы здароўя Бургаса канстатавалі, што «прычынай кішэчнай інфекцыі стала дрэнная пітная вада». Галоўны дзяржаўны інспектар аховы здароўя Ангел Кунчаў пацвердзіў, што «ўласнік гатэля, у якім адпачывалі дзеці, неправамерна падключаў водаправодныя трубы гатэля да нерэгламентаванай крыніцы вады». Праверка таксама выявіла незаконнае павелічэнне колькасці месцаў у гатэлі, адсутнасць медыцынскага абслугоўвання і наяўнасць пратэрмінаваных прадуктаў харчавання, дадаў Кунчаў. 13 ліпеня будуць гатовыя вынікі ўзятых аналізаў, якія пакажуць сапраўдную крыніцу заражэння.

Нагадаем, у гатэлі «Грын Парк» у Кітэне адпачывае тры групы беларускіх дзяцей агульнай колькасцю каля 130 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў. Харчаванне ажыццяўляецца па прынцыпе «ўсё ўключана». Тым не менш, выхавальнікі сцвярджаюць, што не ўсім дзецям была дадзена пітная вада.

11 ліпеня ў беларускае пасольства паступіла інфармацыя пра масавае атручэнне дзяцей. Паводле даных дыпламатаў, пік захворвання прыйшоўся на нядзелю, 10 ліпеня. Усяго ў той ці іншай ступені захварэлі прыкладна ад 70 да 80% ад агульнага ліку беларускіх дзяцей. Медыцынскую дапамогу аказвалі ўрачы, выкліканыя беларускай страхавой кампаніяй «ТАСК», а таксама ўрач, які суправаджаў адну з груп беларускіх дзяцей. Захварэлым былі дадзены таблеткі, зроблены ўколы, некаторым пастаўлены кропельніцы. Дзякуючы своечасовай медыцынскай дапамозе ўдалося пазбегнуць шпіталізацыі дзяцей.

Пры гэтым былі шпіталізаваны каля сарака дзяцей з Расіі і Украіны, якія атруціліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?