Партыя БНФ шукае варыянты арэнды офіса, але сыходзіць з існуючага памяшкання па добрай волі не збіраецца. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

«Рашэнне адстойваць офіс у нас застаецца. Мы звярнуліся з касацыйнай скаргай у Вышэйшы гаспадарчы суд, — кажа ён. — Мы не сыходзім з гэтага памяшкання, нягледзячы на тое, што даўно ад нас патрабуюць таго, каб мы яго пакінулі. На мінулым тыдні ў чацвер быў ліст ад судовых выканаўцаў, яны патрабуюць цягам тыдня вызваліць памяшканне, але мы не збіраемся самі адсюль сыходзіць, і гэта наша рашэнне застаецца цвёрдым. Мы тут будзем знаходзіцца да той пары, пакуль фізічна ў нас будзе такая магчымасць. Гэтае рашэнне было прынятае адразу, і яно не змяняецца. Мы, безумоўна, спадзяемся, заўсёды ёсць надзея, хаця не вельмі вялікая, што Вышэйшы гаспадарчы суд пераменіць рашэнне і нам будзе дазволена заключыць новую дамову арэнды. Але незалежна ад рашэння судовага, незалежна ад рашэння судовых выканаўцаў ці іншых інстанцый, мы будзем тут знаходзіцца, пакуль такая магчымасць будзе. Мы не збіраемся, як заяўлялі, гвалтоўна ці фізічна супраціўляцца, калі нас адсюль будуць выдаляць».

«Што тычыцца запасных варыянтаў, мы іх шукаем. Вельмі шмат выпадкаў, калі арандадаўца дасылае нам свой праект дамовы арэнды і ў апошні момант адмаўляецца. Мы думаем, што гэта звязана з пэўным ціскам, які аказваецца на уласнікаў памяшкання. Мы звярталіся ў Камітэт дзяржмаёмасці з лістом з просьбай выдзеліць нам памяшканне і ўчора атрымалі адказ, што на балансе Дзяржкаммаёмасці ў Мінску — складскія і падвальныя памяшканні і неабходных нам памяшканняў яны не маюць. Але пэўны рэзервовы варыянт у нас ёсць. Пакуль што гэты офіс функцыянуе так, як ён функцыянаваў заўсёды, аднак план „Б“ у нас ёсць на той выпадак, калі нас адсюль выдаляць», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

***

Нагадаем, гаспадарчы суд Мінска 10 мая прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне «БНФ «Адраджэньне», а таксама іх мінскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8. 21 чэрвеня калегія гаспадарчага суда адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі партыі.

Сталічны офіс па праспекце Машэрава, 8, арандаваўся Партыяй БНФ з 1992 года. Дзейны тэрмін арэнды закончыўся 31 сакавіка 2011 года. ЖРЭА Савецкага раёна адмовілася заключаць новы дагавор арэнды, падаўшы іск аб высяленні структур Партыі БНФ з памяшкання. Свае дзеянні ЖРЭА растлумачыла неабходнасцю далейшага выкарыстання памяшкання «для ўласных патрэб».

Відэа Аляксандра Васілеўскага, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?