Прызнанне Сямашкі
Адной з прычын крызісу стаў рэзкі рост зарплат у 2010-м.
Першы намеснік кіраўніка ўрада Беларусі Уладзімір Сямашка лічыць, што адной з прычын фінансава-эканамічнага крызісу ў краіне стаў рэзкі рост заработнай платы ў снежні 2010 года.
«Я лічу, да цяперашняга становішча прывялі тры прычыны: па-першае — рост коштаў на энерганосьбіты, па-другое — памылковая манетарная палітыка Нацбанка, па-трэцяе — рэзкі рост заработнай платы ў снежні мінулага году», — заявіў У. Сямашка, наведваючы Беларускі мэталургічны завод. Яго выказванні прыводзіць агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу прадпрыемства.
Абяцаньне падвысіць сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў было адным з асноўных падчас леташняй перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.
Выступаючы на БМЗ, першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што зараз у Беларусі распрацаваная «праграма дзеянняў, якая дазваляе да канца году стабілізаваць сітуацыю ў краіне». У. Сямашка падкрэсліў, што тэмпы росту заработнай платы ў арганізацыях і на прадпрыемствах не павінны апярэджваць тэмпы росту прадукцыйнасці працы.
Адказваючы на пытанні работнікаў БМЗ аб магчымасьці росту тарыфаў на паслугі ЖКГ, У. Сямашка запэўніў, што яны для насельніцтва падвышацца не будуць.
Радыё Свабода
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ