Сяргей Богдан пабываў на паседжанні Пастаяннай рады АБСЕ і быў шакаваны.

Выпраўляючыся ў Вене на паседжаньне Пастаяннай рады АБСЭ, я наўмысна праглынуў мацнейшай кавы, прадчуваючы чарговае зануднае дыпляматычнае мерапрыемства, дарма што з абмеркаваньнем беларускага пытаньня. Памыліўся, бо прадстаўнік расейскага ўраду хутка ператварыў звыклыя дыпляматычныя перапалкі ў сапраўднае «сутыкненьне цывілізацыяў».

Беларускі «зубар» і расейскі «мядзьведзь»

Венская Пастаянная рада Арганізацыі па бясьпецы ды супрацы ў Эўропе – гэта не міжпарлямэнцкі орган, куды часам трапляюць скандальныя пэрсанажы. Гэта – месца, дзе сядзяць прадстаўнікі ўрадаў, якім належыць вытрымліваць свае эмоцыі. Дык вось, паслы 55 дзяржаў так і рабілі.

Нягледзячы на выразную канфрантацыю, нават узбэцкі і туркмэнскі прадстаўнікі стрымана рэагавалі на даволі жорсткую заяву ЭЗ і ЗША наконт сытуацыі ў іх краінах. Можна казаць пра хлусьню ці крывадушнасьць, аднак паводзіліся дыпляматы гэтых краін прыстойна.

Прыстойна выступіў па балючых для беларускага ўрада пунктах – сярод якіх было і пытаньне па «Нашай Ніве» і «Народнай волі» – і прадстаўнік Беларусі Сідарэнка. Праўда, па-расейску, аднак гэта таксама адна з моваў АБСЭ, хаця большасьць выступае па-ангельску.
Затое прадстаўнік 56-й краіны – Расеі – вылучаўся ва ўсім. Беручы слова амаль пасьля кожнага выступу, Анвар Азімаў роў шмат грамчэй за любога іншага дэлегата.
На просьбу старшыні аб пэўных зьменах у парадку дня ён прыгразіў пашырыць яго, калі ня будуць зьнятыя пытаньні па постсавецкіх краінах, і зацягнуць паседжаньне да ночы. Калі ўсё адно па-ягонаму ня сталася, ён адкрытым тэкстам абвесьціў, што ня будзе выконваць правілы сходу. Маўляў,
«здравый смысл» -- гэта прапанова Расеі не абмяркоўваць становішча ў Беларусі, Узбэкістане і Туркмэністане,
таму ўся фраза прагучала як прыхаваная абраза на адрас прысутных дыпляматаў, падобна пазбаўленых «здаровага глузду». Празь нейкі час, калі вядоўца ўсё-ткі падкараціў парадак дня, пасланец Масквы трыюмфальна паправіўся, што ёсьць «в целом здравый смысл в зале!».

Пры нагодзе Азімаў прыгразіў заблякаваць прыняцьце бюджэту, калі ў АБСЭ на працу ня возьмуць больш расейцаў. Гэта прагучала так дэструкцыйна, што генэральнаму сакратару давялося браць слова і пересьцерагаць пра разбуральнасьць паводзінаў «некаторых краінаў», якія зьвязваюць працаўладканьне сваіх людзей з працэсам фармаваньня бюджэту.

Прадстаўнік Масквы ня стрымліваў сябе ў паводзінах і словах. Загадаўшы не чапаць постсавецкіх краінаў, расеец сказаў, «Вы ўжо разбудзілі беларускага зубра, цяпер разбудзіце і расейскага мядзьведзя». І тут жа прыгразіў, што бараніцьме «Белоруссию», Узбэкістан і Туркмэністан, «бо гэта нашы саюзьнікі». Калі і гэта не спыніла абмеркаваньня, ён абвесьціў, што ўжо вучыў быў прысутных, але відаць «Придется повторить пластинку. То есть снова читать лекции». Лішне казаць, што гэтыя словы, вымаўленыя з грубай інтанацыяй, абражалі любога, хто разумеў расейскую мову, аднак большасьць прысутнае грамады слухала ангельскую дарожку перакладу, а таму атрымала зьмякчаную вэрсію і змаўчала. Адметна толькі, што якраз расейскі бок правёў такую мяжу, ператварыўшы міжнародную арганізацыю ў арэну супрацьстаньня. Балазе, ніхто апрача расейскага боку на паседжаньні не разважаў у катэгорыях саюзьнікі-ворагі.

Паседжаньне ўключала разьвітаньне з генсакам АБСЭ, чый тэрмін сканчаўся. Але калі ўсе дэлегацыі складалі яму стандартныя дыпляматычныя падзякі, дык расейскі прадстаўнік і тут вылучыўся, пачаўшы прамову з фразы:

«Пьер де Ришамбо воплощает собой высокий профессионализм, который не пропьешь, хотя я предпринимал усилия в этом направлении с генсеком».
Небарака-генсак, відаць і сам ня ведаў, што тут гаварыць.

Аднак справа ня толькі ў Азімаву. Падчас іншае публічнае дыскусіі прадстаўнікоў амэрыканскай, ірляндзкай і расейскай дэлегацыяў сытуацыя выглядала падобным чынам. Калі заходнікі абцякальна і дыпляматычна гаварылі штосьці пра аптымізацыю выдаткаў АБСЭ ды перанакіраваньне грошай, Валеры Масьлін бразнуў: «Ня ведаеце, дзе ўзяць грошы – а мы казалі – ня трэба пасылаць столькі назіральнікаў на выбары!» Ці трэба казаць, што ён прытым пастаянна называў нашу краіну «Беларашай», што сама па сабе ўжо больш чым некарэктна, бо адзіны варыянт назвы нашай краіны для ангельскай мовы гэта толькі Belarus і ніяк не Белараша.

Цікава, што

знаёмыя з расейскага МЗС проста не зразумелі, калі я спытаў, ці яны лічаць такія паводзіны карэктнымі.
Яны не хавалі свайго захапленьня Азімавым. Заходнія ж дыпляматы пасьмяяліся і адказалі, што гэта, маўляў, «Russian style» у дыпляматыі, а немец патлумачыў: дык яны заўжды спачатку так равуць і пагражаюць, але пасьля мы іх абломваем.

Бясьпека для Расеі і небясьпека для Эўропы

Але, мабыць, абломваць удаецца далёка не заўсёды. АБСЭ – арганізацыя, заснаваная на кансэнсусным прыняцьці рашэньняў, таму амаль любая краіна можа спыніць нялюбую ёй пастанову. У выніку цягам апошніх некалькі гадоў бюджэт арганізацыі не расьце, а сама яе палітыка перажывае цяжкія часы.

Расея і хаўрусныя ёй дыктатары спрабуюць максымальна звузіць у дзейнасьці АБСЭ аспэкты, зьвязаныя з правамі чалавека, выбарамі і дэмакратызацыяй. Масква настойвае, арганізацыя – па бясьпецы ў Эўропе, таму давайце мацаваць бясьпеку ды вырашаць вайсковыя пытаньні, узбраеньні, дыслякацыю аддзелаў і г.д., дзеля чаго Расея хацела б падпісаць з усімі эўрапейскімі дзяржава новую дамову аб эўрапейскай бясьпецы. Яно й ня дзіва, калі ўжо сяньня Масква не дае рады супрацьстаяць НАТО, дык была б радая зьвязаць гэты блёк дамоўнымі абавязаньнямі ды расхістаць яго падмуркі. Прыкладам, замест яснай структуры НАТО стварыць некалькі паралельных структураў бясьпекі, у якіх краіны ўдзельнічалі б адначасова ды парушыць каардынацыю дзеяньняў заходняга блёку.

Расхістваньне расейцамі падмуркаў заходніх арганізацыяў – гэта тактыка, якая ўжо дзейнічае і ў АБСЭ, і ў Эўразьвязе.
Прыкладам, сьцьверджаньне АБСЭ аб прыхільнасьці яе чальцоў да дэмакратычнай палітычнай мадэлі ды вольных выбараў, прапісаныя ў яе дакумэнтах, ужо ўспрымаюцца з усьмешкай, бо ў шэрагах арганізацыі мноства краінаў з яўна тыранічнымі рэжымамі, кшталту Ўзбэкістана ці Туркмэністана, а летась у Арганізацыі старшыняваў ніхто іншы як Казахстан.

У адказ на крытыку палітычнага ўціску ў гэтых ды іншых дзяржавах гучыць шматгалосы постсавецкі дыпляматычны хор, маўляў, ва ўсіх краінах ёсьць праблемы, чаму вы правяраеце толькі нас. І як увогуле быў абраны ваш Буш у 2000-м годзе? Чаму на апошнія выбары ў Вялікабрытанію пасланыя былі толькі сем назіральнікаў, а ў Казахстан – у сто разоў болей?

Рупячыся пра бясьпеку, Масква хацела б прытым па магчымасьці пазбыцца такой структуры АБСЭ, як размешчанае ў Варшаве Бюро па дэмакратычных інстытуцыях і правах чалавека (БДІПЧ).
Дасыланыя Бюро назіральнікі ня раз фіксавалі непрыемныя для Расеі моманты, зьвязаныя з парушэньнямі на выбарах і ў самой Расеі і ў іншых пасавецкіх дзяржавах, а таксама іншыя праблемы з дэмакратыяй ды правамі чалавека. Таму ня дзіва, што скарга на непатрэбныя выдаткі БДІПЧ і яго «падвойныя стандарты» суправаджае любыя развагі расейскіх дыпляматаў наконт АБСЭ.

Падобная спрыяльная для Расеі тэндэнцыя назіраецца і з палявымі місіямі арганізацыі. Калі раней пасавецкія краіны заклікалі да сябе місіі АБСЭ, бачачы ў іх прызнаньне ўласнага сувэрэнітэту, дык цяпер усе яны спрабуюць такіх місіяў пазбыцца, бачачы ў іх таўро непаўнавартасьці. Закрыцьцё Офісу АБСЭ ў Менску пры канцы мінулага году стала толькі адным зьвяном у гэтым працэсе на прасторах былога СССР. Вялікія місіі працуюць сёньня толькі ў Таджыкістане і Кыргызстане. У выніку арганізацыя рызыкуе неўзабаве сапраўды згарнуцца да жаданага расейцамі і іх памагатымі фармату ды абмежавацца лічэньнем ракетаў і танкаў.

Ускосную небясьпеку для краінаў былога Савецкага Саюза ўяўляе і ідэя распачаць дзейнасьць АБСЭ ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. У гэтым рэгіёне зацікаўленыя ўсе магутныя эўрапейскія дзяржавы, але найперш Францыя, Італія ды Гішпанія. Пры рэалізацыі такога сцэнару, часу і рэсурсаў на пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека ва Ўсходняй Эўропе ў АБСЭ застанецца яшчэ менш.

* * *

Міжнароднае становішча беларускага кіраўніцтва пасьля выбараў моцна пагоршала, яго дзяўбуць ужо з тых флянгаў, дзе раней такога звычайна не здаралася, як то ААН.
АБСЭ даўно зьяўляецца натуральнай пляцоўкай для крытыкі Лукашэнкі з боку іншых дзяржаў. І падтрымка расейцаў у такіх варунках краем трэба афіцыйнаму Менску, бо ягоных хаўрусьнікаў у сьвеце можна цяпер пералічыць на пальцах.
Праўда, і самой Расеі апошнім часам карціць пазбыцца нязручнага для яе менскага сябра. Думка пра тое, што «бацька» Расеі непатрэбны, і насамрэч ён – гэта яшчэ адзін Саакашвілі (вярхоўны нячысьцік у расейскай імпэрскай дэманалёгіі) так часта выказваецца ў кулюарах расейскімі дыпляматамі, што часам складваецца ўражаньне пра існаваньне нейкага кансэнсусу наконт гэтага сярод расейскага істэблішмэнту.
Зрэшты, пра культуру расейскіх дыпляматаў можна напісаць асобна, анягож у расейскім МЗС ня лічыцца заганным хваліць нават Жырыноўскага...
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?