З былым галоўным трэнерам зборнай Беларусі па хакеі Эдуардам Занкаўцом мы сустрэліся раніцай у пятніцу ля «Мінск-арэны». Там якраз праходзіла нейкая імпрэза, звязаная з «Гербалайфам». «Хм, я думаў, што «Гербалайф» дачынення да спорту не мае», — іранічна паціскае плячыма Занкавец.

«Рана ці позна гэта павінна было адбіцца»

«Наша Ніва»: Эдуард Канстанцінавіч, чым займаецеся пасля звальнення з пасады трэнера зборнай?

Эдуард Занкавец: На дадзены момант у мяне творчы адпачынак.

Галоўны занятак — гэта сям’я. Маёй дачцэ хутка восем месяцаў.
Таму ўсе заняткі звязаныя якраз з яе выхаваннем. Ніякіх прапановаў, якімі б можна было пахваліцца, пакуль не маю.

«НН»: Што ж не ўдалося на гэтым чэмпіянаце свету? Чаму ў выніку мы былі толькі чатырнаццатымі?

ЭЗ: Насамрэч не ўдалося многае — усяго пакрыху. Да чэмпіянату мы падышлі не ў аптымальным стане. З чым гэта звязана? Мы не зусім правільна спланавалі заключны этап падрыхтоўкі, бо было шмат пералётаў (Швейцарыя, Германія, Славакія). У гэты перыяд некаторыя хакеісты захварэлі — былі не ў ідэальным стане. Мы дапусцілі некаторыя памылкі ў камплектаванні. Такія гульцы, як Антонаў і Усенка, маглі дапамагчы нам. Цягам турніру былі не самыя ідэальныя звёны. Гэта памылкі трэнерскага штаба.

«НН»: Ці не выходзяць бокам нацыянальнай зборнай пралікі ў дзіцяча-юнацкім хакеі? Там мы ўжо пачалі прайграваць Даніі, Францыі…

ЭЗ: Гэта рана ці позна павінна было адбіцца. Канечне, нейкі запас у зборнай ёсць. Юнацкі хакей, магчыма, і не стаў горшым, чым раней, але ён саступае ў сваім развіцці камандам, якія правільна займаюцца дзіцяча-юнацкім хакеем, — гэта аб’ектыўны факт.

«НН»: Дык чаму саступаем? Маленькія заробкі дзіцячых трэнераў?

ЭЗ: Не ўсё залежыць ад заробку. Хаця матэрыяльнае ўзнагароджанне — таксама адзін з асноўных фактараў. Патрэбна, каб адпаведны заробак атрымліваў трэнер адпаведнага ўзроўню. Тады гэта прымусіць нашых спецыялістаў вучыцца, выходзіць на новыя ўзроўні.

«Мы не пераўзыходзім Данію і Нарвегію»

«НН»: Адразу пасля чэмпіянату свету рэдактар «Прессбола» выгукнуў: «Мы — хакейныя ідыёты». Маючы такую цудоўную базу, паказваем не самыя высокія вынікі. Што думаеце пра гэта?

ЭЗ: Я не думаю, што гэта тычылася толькі нацыянальнай зборнай. Сапраўды, матэрыяльная база палепшала, але ў той жа час мы не пераўзыходзім такія краіны, як Данія, Нарвегія, у іх болей коўзанак. Тым не менш, мы няправільна размяркоўваем нават тое, што маем, — гэта таксама факт. Пакуль нельга гаварыць, што мы нейкая гіганцкая хакейная дзяржава.

«НН»: У такім выпадку, можа, варта больш актыўна прыцягваць замежных спецыялістаў?

ЭЗ: Канечне.

Той вектар, які ў свой час узяў Навумаў, калі прыязджалі амерыканскія, канадскія спецыялісты, даваў вынік.

Зборная ў рэйтынгу з трынаццатага месца паднялася на восьмае. Прыязджалі настаўнікі, якія праводзілі трэніровачныя лагеры для дзяцей, дапамагалі ў фізічнай падрыхтоўцы, коўзанні. Гэта быў нядоўгі перыяд, але ідэя была правільнай. На старым запасе не толькі хакеістаў, але і функцыянераў чакаць руху наперад не выпадае.

«Хакеісты гулялі за Хэнлана»

«НН»: У чым быў феномен Глена Хэнлана? Вы яму дапамагалі, можа, ведаеце, у чым сакрэт поспеху?

ЭЗ: Ён грунтаваўся на чалавечых якасцях. Для нашых хакеістаў гэты чалавек уяўляў сабой не проста іхнага трэнера, але і добрага чалавека, які можа знайсці да іх персанальны падыход, зразумець іх, даць ім тое, што ім падабаецца.

Хакеісты гулялі за Хэнлана.

Плюс да ўсяго, Хэнлан быў трэнерам НХЛ, які па сваіх ведах пераўзыходзіў тых трэнераў, якія працавалі ў Беларусі.

«НН»: У Хэнлана выходзіла ў Беларусі, але ў Славакіі не выйшла. Чаму?

ЭЗ: Я б не судзіў тут у катэгорыях «выйшла» — «не выйшла». Славакі на гэтым чэмпіянаце не прайгралі нікому больш за адну шайбу. У іх былі вельмі моцныя супернікі. І Фінляндыя (будучыя чэмпіёны), і Расія, і Чэхія. Славакі таксама цяпер ужо не такі грозны супернік, як была раней.

«НН»: Асабіста Вы многаму навучыліся ў Хэнлана?

ЭЗ: Канечне, Хэнлан зрабіў на мяне вялікі ўплыў, бо я сімпатызаваў яму ў працы. А яшчэ гэта быў мой першы настаўнік у трэнерскім плане. Асноўныя падыходы ў працы я ўзяў у яго.

«Не было прычын, каб застацца»

«НН»: Працягнуць працу ў зборнай Вы хацелі?

ЭЗ: Хацець можна многае. Мне падабалася працаваць з камандай. Але пакуль я не бачу прычын, каб мог сказаць: «Я павінен застацца ў зборнай».

«НН»: Нядаўна прачытаў, што Занкавец вельмі прыстойны настаўнік і праз гэта працу ў Беларусі знайсці не зможа. Што скажаце на гэта?

ЭЗ: (Смяецца). Прыемна чуць, што прыстойны. Калі ў мяне не будзе выбару і давядзецца шукаць працу толькі ў Беларусі, то я яе знайду.

І неабавязкова гэта будзе праца трэнерская.

«НН»: Ужо два месяцы не могуць прызначыць Вашага наступніка ў зборнай. Хто б ім мог быць?

ЭЗ: Зборную мог узначаліць любы з маіх асістэнтаў. Яны добрыя спецыялісты. Трэнерам павінен быць чалавек прыстойны, які будзе хварэць за беларускі хакей, а не разглядаць пасаду як месца для зарабляння грошай. Ён павінен бачыць прычыны, чаму ўзровень нашага хакея не расце.

«Навумаў — чалавек дзеяння»

«НН»: Раскажыце, як Вам працавалася з Навумавым падчас ягонага старшынства ў федэрацыі хакея.

ЭЗ: Ведаеце, нармальна працавалася. Канечне, чалавек ён неадназначны. Вельмі імпульсіўны. Часам ягоныя рашэнні дыктаваліся выключна эмоцыямі. Але ён быў чалавекам дзеяння. У тым выпадку, калі з ім знаходзіліся людзі, што маглі правільна падказаць, то шмат рабілася пазітыўнага.

«НН»: Цяпер проста многія хакеісты, дый трэнеры згадваюць часы кіраўніцтва Навумава з нейкай настальгіяй, параўноўваючы з сённяшняй федэрацыяй.

ЭЗ: Тое, што быў рух пры ім, безумоўна. І чэмпіянат нейкі час развіваўся, і зборная падымалася. Сувязі з ім цяпер не падтрымліваю. Мы не сябравалі, проста былі рабочыя адносіны.

«Вялікія заробкі разбэшчваюць хакеістаў»

«НН»: Мінскае «Дынама» ў КХЛ — праект удалы ці няўдалы?

ЭЗ: Казаць адназначна, што няўдалы, я не магу. У мінулым сезоне на трыбунах было многа гледачоў. Хаця, магчыма, гэта было звязана не з камандай, а з тым, што ў нас цудоўная арэна. Даведаемся адказ у гэтым сезоне. Аб’ектыўна, што праект «Дынама» не выкарыстоўваецца ў інтарэсах зборнай.

«НН»: Людзі ходзяць глядзець на зорак «Дынама», пры гэтым наведвальнасць унутранага чэмпіянату катастрафічна падае.

ЭЗ: Падае не толькі наведвальнасць, але і ўзровень чэмпіянату, пасля сыходу «Дынама» і найлепшых хакеістаў у КХЛ. Здаецца, што ўпаў інтарэс функцыянераў да ўнутранага першынства. Тым не менш, не робіцца ніякіх спробаў палепшыць чэмпіянат.

«НН»: Вялікія заробкі маладых хакеістаў не разбэшчваюць?

ЭЗ: Гэта было пару гадоў таму. Цяпер грошы не такія ўжо і вялікія. Безумоўна, гэта таксама адбіваецца. Я згодзен, гэта разбэшчвае. Калі гулец, якому няма і 20, атрымлівае больш за трэнера, які яго выхаваў, — гэта няправільна. Хакеіст павінен атрымліваць добры заробак пасля таго, як выйдзе на пэўны ўзровень. Тут перакос быў.

«НН»: За сітуацыяй з «Бэнтлі» Захарава сачылі?

ЭЗ: Чытаў, але гэта не той чалавек, за лёсам якога я сачу. Мала ў чым гэты чалавек для мяне прыклад.

«Хакею ёсць на што раўняцца»

«НН»: З кім са зборнікаў найцяжэй працаваць?

ЭЗ: У Беларусі няма распешчаных мегазорак. Нашы зоркі НХЛ браты Касціцыны, Грабоўскі, Салей, у Расіі — Калюжны, Кальцоў — яны ўсе добрыя гульцы і ніколі не адмаўляліся дапамагчы зборнай. Да кожнага патрэбен свой падыход. Нельга ўсім даваць аднолькавыя нагрузкі. Калі трэнер гэта разумее, то праблемаў узнікаць не павінна.

«НН»: Не былі супраць, калі Ваш сын вырашыў стаць хакеістам?

ЭЗ: Не. Я гуляў у Даніі, калі сын упершыню стаў на канькі. Для сям’і ў той час галоўнай справай было наведванне маіх гульняў, трэніровак. Думаю, у сына іншага выбару не было, калі з пяці гадоў глядзеў, як тата гуляе. Не выступаў і не выступаю супраць ягонай хакейнай кар’еры.

У хакеі, апроч каласальных нагрузак, шмат пазітыўнага.
І забітыя шайбы, і радасць родных. Ніколі не наракаў на лёс. І пераход у трэнеры мне даўся лёгка.

«НН»: Хакей у Беларусі стаў нацыянальным відам спорту, мае такую перспектыву?

ЭЗ: Перспектывы ёсць. Гады чатыры таму хакей можна было назваць галоўным відам спорту. Цяпер я так сказаць не магу. Поспехі таго ж футбола аб’ектыўна вышэйшыя. Там моладзь выступае добра. Мы бачым поспехі БАТЭ ў турнірах, якія каціруюцца ва ўсім свеце. У нас ёсць паспяховыя баскетбалісткі. Хакею ёсць на што раўняцца. Хаця па выдатках ён, напэўна, народны від спорту. Трэба толькі гэтыя выдаткі размяркоўваць правільней.

* * *

Эдуард Занкавец нарадзіўся ў 1969 у Мінску. Пачынаў кар’еру ў 1986 у складзе мінскага «Дынама», якое гуляла ў першынстве СССР. Пасля распаду Саюза тры гады заставаўся ў складзе «Дынама». Потым гуляў у омскім «Авангардзе», першынствах Германіі, Даніі, Фінляндыі, ніжэйшых лігах Паўночнай Амерыкі. За зборную Беларусі згуляў 50 матчаў, дзе набраў 32 пункты. Удзельнік Алімпіяды-2002, дзе нашы былі чацвёртымі. Дапамагаў Глену Хэнлану ў нацыянальнай зборнай. З 2010 па 2011 — галоўны трэнер зборнай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?