Генерал сцвярджае, што гэтыя грошы выдзяляліся на «дзяржаўны пераварот».

Генерал Мікалай Чаргінец у інтэрв’ю расійскаму інтэрнэт-сайту Lenta.ru звінаваціў аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты Міколу Статкевіча ў атрыманні грошай ад нямецкага палітыка, у пасольстве Германіі. Ён сцвярджае, што гэтыя грошы выдзяляліся на «дзяржаўны пераварот». Каментуючы жорсткія прысуды Статкевічу, Усу і Саннікаву ён заявіў, што па-чалавечы яму іх шкада, але «яны мусяць быць пакараныя, бо рыхтавалі пераварот». І прывёў такі прыклад:

«Нас запрасіў нямецкі пасол, мы сядзелі, а насупраць стаяла люстэрка. І вось адна немка, яна і цяпер у палітыцы, не памятаю, як яе завуць, выйшла ў суседнюю пакой і Статкевічу дае пачкі грошай. Я гэта добра бачу сваімі вачыма.
А амбасадар кажа: «Нам ніколі не ўдасца зрынуць Лукашэнку, калі мы не аб'яднаем нашы сілы». Пра мяне ён забыўся!»

У гутарцы Чаргінец шмат казаў пра эканамічныя дасягненні Беларусі. Пры гэтым ён даволі смела аперыруе лічбамі. Так, па яго словах, у 2001 годзе ў Беларусі сабралі 4 мільёны тон зерня, а сёння 10 мільёнаў — норма. Дзеля справядлівасці трэба ўдакладніць, што ў 1993 годзе, перад прыходам Лукашэнкі да ўлады, ураджай перавышаў 7,2 млн тон. А ў 2010-м — тыя самыя 7 мільёнаў тон, прычым пад шуміху і рапарты, якія нярэдка суправаджаюць прыпіскі. Генерал сцвярджае таксама, што ў 2001-м мы радаваліся 3-4 мільёнам метраў збудаванага жылля, а сёння будуем 11 мільёнаў. Невядома, адкуль такую лічбу ўзяў генерал, але Белстат кажа, што сёлета за першае паўгоддзе збудавана 2,64 млн кв.м. жылля.

Але найбольш смела Чаргінец выказаўся пра рост пенсій у Беларусі. Яны, нібыта, за апошнія тры гады выраслі ў 9 разоў
(цікава, ці ведаюць пра гэта пенсіянеры?) Той жа Белстат ізноў не пагаджаецца: на канец 2008 года сярэдні памер пенсіі па ўзросце складаў 389 тысяч ($177 па тагачасным курсе), на сёння сярэдняя пенсія складае каля $140 даляраў па афіцыйным курсе.

Ды гэта яшчэ нічога. Згодна з Чаргінцом, стыпендыі за 3 гады выраслі ў 16 разоў!

У інтэрв’ю Мікалай Іванавіч такі прызнае, што адной з прычын валютнага крызісу сталі раздзьмутыя заробкі, але пры гэтым усяляк выгароджвае Лукашэнку, наракаючы на яго памочнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?