На аматарскім турніры ў Менску перамогу здабыла расейская каманда — «Газпромэскспарт». У фінальным матчы яна перайграла каманду прэзыдэнта Беларусі зь лікам 4:3.
Беспрэцэдэнтны выпадак. Дагэтуль у якіх бы спаборніцтвах ня ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка, ягоная каманда непазьбежна перамагала. Кіраўнік Беларусі зь лёгкасьцю абыходзіў на лыжні алімпійскіх чэмпіёнаў. Ягоная дружына размазвала па бартах найлепшых хакеістаў сьвету. І раптам, на 13‑м годзе гэтая «непераможная армада» прайграла. І каму! Найпрынцыповейшым сапернікам з «Газпрому»!
У прамове на цырымоніі урачыстага закрыцьця прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што найлепшымі на ім былі менскія гледачы. Ага. Сталічныя ўлады забясьпечвалі аншляг на трыбунах любым коштам. У лядовы палац літаральна зганялі школьнікаў і студэнтаў з усяго гораду. І дзеля чаго? Каб яны сталі сьведкамі паразы каманды прэзыдэнта? Ды гэта ж практычна дывэрсія — падрыў аўтарытэту кіраўніка дзяржавы.
Зрэшты, Лукашэнка выразіў упэўненасьць, што праз год, на наступным турніры, беларусы вернуць сабе тытул пераможцаў. Я нават дакладна ведаю, як гэта забясьпечыць: выпусьціць на лёд у якасьці галоўнага судзьдзі старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну. Перад гэтай сакрэтнай зброяй складзе клюшкі самы грозны сапернік.
Фота Прэс-служба Прэзыдента Рэспублікі Беларусь