Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці пачаў разгляд справы па іску ААТ «Элсан» да ЗАТ «Выдавецкі дом «Віцебскі кур’ер»». Мэта іску — прымусіць выдавецтва і газэту пакінуць офіс ды, згубіўшы юрыдычны адрас, зачыніцца.

Як вынікае зь лісту‑справаздачы генэральнага дырэктара «Элсана» Дзьмітрачэнкі ў адміністрацыю Першамайскага раёну гораду Віцебску, арэндадаўцы пайшлі на гэткі крок менавіта па загадзе кіраўніцтва раёну. Пацьвярджае вялікую зацікаўленасьць мясцовых уладаў у ліквідацыі незалежнага грамадзка‑палітычнага выданьня і ўдзел у судзе ў якасьці трэцяга боку юрыст‑кансультанта адміністрацыі Анастасіі Агафонавай, якая падтрымала прэтэнзіі прадстаўніка «Элсана» Аляксандра Сямёнава. Той жа лічыць падпісаную дамову нікчэмнай, бо, па ягоным меркаваньні, рэдакцыя павінна ўзгадніць арэнду з адміністрацыяй раёну. Аднак у газэты ёсьць дазвол гарвыканкаму. Праваабаронца Павал Левінаў, які разам з намесьнікам менскага юрыдычнага агенцтва «Бізнэс‑дыялёг» Дзьмітром Зікрацкім прадстаўляе інтарэсы «Віцебскага кур’ера» ў судзе, пракамэнтаваў гэта проста:

— Патрабаваньні ісца я лічу абсурднымі, бо газэта заканадаўства не парушала. У адпаведнасьці з заканадаўстваў атрыманы дазвол на разьмяшчэньне Закрытага акцыянэрнага таварыства на тэрыторыі гораду Віцебску. Аднак ісьцец сьцьвярджае, што неабходна атрымліваць дазвол па нейкай вызначанай адрэсе: у раёне, на вуліцы, у нейкім там пакоі...

Чарговае паседжаньне, на якое абодва бакі павінны прадставіць дадатковыя дакумэнты, судзьдзя Вольга Гаціла перанесла на 10 студзеня. Часу мала — выходныя, сьвяты, але, як лічуць у дэмакратычных колах гораду, улады прысьпешваюць, каб зьліквідаваць незалежную газэту як мага хутчэй.

Суд выклікаў цікавасьць эўрапейцаў — за ходам працэсу назіраў саветнік амбасадара па сувязях з грамадзкасьцю менскага офіса АБСЭ Вадзім Харцінг. Зьдзівіла зацікаўленасьць дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Віцебск». Як выказаў здагадку рэдактар «Віцебскага кур’ера» Уладзімер Базан, напэўна, хацелі першымі данесьці станоўчую вестку да ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?