Віншуем хакейны клюб “Юнацтва” (Менск) зь перамогай у прэстыжным міжнародным клюбным турніры - Кантынентальным Кубку Міжнароднай Фэдэрацыі Хакея.

У гэтым турніры ўдзельнічаюць прадстаўнікі найбольшай колькасьці хакейных чэмпіянатаў. У гэтым годзе спрабавалі заваяваць трафей клюбы Румыніі, Баўгарыі, Славеніі, Бэльгіі, Сэрбіі, Турэччыны, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Даніі, Францыі, Польшчы, Гішпаніі, Казахстану, Латвіі, Летувы, Украіны, Вугоршчыны, Фінляндыі, Расеі і Беларусі. Перад супэрфіналам усе спэцыялісты загадзя аддавалі перамогу расейскаму “Авангарду” (Омск), а “Юнацтва” лічылі максымум прэтэндэнтам на трэцяе месца. Але насуперак усім прагнозам, менчукі здолелі абысьці і фінаў, і расейцаў у вельмі напружаных гульнях. Асабліва незвычайным быў матч супраць “Авангарду”: у ім не было забіта ніводнай шайбы; і толькі па сэрыі булітаў беларусы пераўзышлі фаварытаў.

Упершыню беларуская клюбная каманда дасягае такога посьпеху на міжнароднай арэне. Міжнародная фэдэрацыя ужо назвала гэта найвялікшым посьпехам у гісторыі беларускага клюбнага хакея. Сапраўды, параўнаць гэта можна хіба з посьпехам нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях 2002 году.

Тым болей незразумелым выглядае ход кіраўніцтва ФХРБ, якое абвясьціла, што ў наступным сэзоне болей ня будуць існаваць тры менскіх хакейных клюба - “Юнацтва”, “Дынама” і “Керамін”. Заміж іх павінен паўстаць нейкі абагульнены менскі клюб, які будзе мець сумарны бюджэт усіх трох клюбаў, найлепшых гульцоў зь іх, і будзе ўдзельнічаць у Вышэйшай лізе Чэмпіяната Расеі (другі дывізіён). Уладзімер Навумаў, кіраўнік ФХРБ (а па сумяшчальніцтве - міністар унутраных спраў), матывуе гэта жаданьнем падняць узровень хакея ў краіне; маўляў, у суперніцтве з моцнымі расейскімі клюбамі нашы гульцы будуць лепей расьці ў майстэрстве.

Паўстаюць відавочныя пытаньні - навошта нашым клюбам тая Вышэйшая ліга, калі яны могуць пабіваць прэтэндэнтаў на чэмпіёнства ў Супэрлізе, як сёньня даказала “Юнацтва”? Што будзе зроблена з моцнымі дзіцячымі школамі, якія ўжо паўсталі на базе трох менскіх клюбаў, якія зараз займаюць першыя тры радкі ў табліцы Экстралігі Чэмпіянату Беларусі? Ці ўсьведамляюць чыноўнікі, што ўзровень нашага чэмпіяната істотна ўпадзе бязь лепшых трох клюбаў, і ўжо ня зможа быць дастойна прадстаўлены на міжнародных турнірах кшталту Кантынентальнага Кубку? Ды й гэты кубак можа быць карысным для клюбнага бюджэту, як заўважае cheis, які піша, што прыз за перамогу склаў мільён даляраў.

Сёньня прайшла рэдкая імпрэза - сустрэча кіраўніцтва ФХРБ з аматарамі хакея. Нажаль, дагэтуль невядома, што на ёй абмяркоўвалася, і ці здолелі аматары атрымаць нейкую канкрэтную інфармацыю па пляне аб’яднаньня клюбаў. Але як можна бачыць на форумах і ў лістах, простым беларусам наўрад ці даспадобы ідэя зьнішчыць тры моцныя хакейныя каманды.

Цікавы момант. У навінах спорту на сталічнай тэлевізіі пра перамогу “Юнацтва” ў Кантынентальным Кубку паведамілі толькі ў канцы праграмы, ледзьве не ў рубрыцы “курьёзы”. Тэлетрансьляцыі як самога матчу, так і нават цікавых момантаў ці ўзнагароджаньня мы не пабачылі. А асноўнай тэмай сёньняшняга спартовага дня стаў турнір аматараў хакею, які праходзіў у Менску, і ў якім у фінале каманда Беларусі (з Аляксандрам Лукашэнкам пад нумарам 1) прайграла камандзе Расеі. Як жартуюць наведнікі форуму газэты “Прессбол”, гэтая параза магла быць пунктам кантракту з Газпромам

А нам застаецца толькі назіраць, як наш спорт дасягае нечаканых высотаў насуперак волі тых, ад каго ён, уласна, і залежыць.

Дзякуй усім, хто б’ецца за краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?