Расея асэнсавана цісьне на тыя беларускія прамысловыя аб’екты, што здольныя прыносіць прыбытак як за кошт унутранага рынку, так і за кошт экспарту. Прыкладам гэтаму – чарговая цукровая вайна.

Пры канцы году расейская мытня значна замарудзіла ўвоз беларускага цукру, а з 29 сьнежня і наогул яго перапыніла. Прычынаў гэтаму некалькі. Першая – прэтэнзіі расейскіх вытворцаў цукру наконт няроўных умоваў дзейнасьці: беларускі цукар праз вялікія дзяржаўныя субсідыі на парадак таньнейшы за расейскі. Другая – расейцы сумняваюцца, што ўвесь беларускі цукар, экспартаваны ў Расею, атрыманы з цукровікаў. Справа ў тым, што цукар‑сырэц, які вырабляюць з экспартаванага з Паўднёвай Амэрыкі трысьнягу, мусіць абкладацца мытам. Паводле расейскіх экспэртаў беларусы ўжо колькі год завозяць у Расею бураковага цукру ў 1,5 разы болей, чым у Беларусі яго было выраблена. З мэтаю папярэдзіць падман Расея стварыла для беларускіх пастаўшчыкоў адзіны мытны калідор, на якім пільна сочаць за якасьцю і паходжаньнем беларускага цукру. Гэта значна замарудзіла прапускную здольнасьць расейскай мытні, а выдаткі беларускага боку толькі за прастой ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў даляраў.

Прэм’ер Сяргей Сідорскі запэўніў, што беларускі цукар хутка ізноў зьявіцца на расейскім рынку. Пра гэта ён дамовіўся падчас перамоваў з расейскім калегам Міхаілам Фрадковым. Перамовы па цукровым пытаньні адновяцца на гэтым тыдні. Беларускі бок па‑ранейшаму будзе прадстаўляць кіраўнік канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка. Па яго словах аб’ёмы паставак цукру ў Расею пакуль ня вызначаныя.

Беларускія цукровыя заводы яшчэ ў савецкія часы былі сярод першых па прадукцыйнасьці працы і якасьці прадукту. Іх патэнцыял не прайшоў па‑за ўвагай цяперашняй улады: штогадовыя ўкладаньні ў мадэрнізацыю вытворчасьці складаюць дзясяткі мільёнаў даляраў. Гэта дазволіла павялічыць вытворчасьць цукру з буракоў утрая і на сёньня яго колькасьць складае каля паловы ад усяго аб’ёму. Сёлета ў Беларусі была выраблена цукру каля 800 тыс.т. Гэтага хопіць для ўнутранага рынку на бліжэйшыя 2,5 гады. Цягам апошніх гадоў «лішак» цукру складае 400‑450 тыс.т., і традыцыйна большую частку гэтай рэшты экспартавалі ў Расею. Так, у мінулым годзе было заплянавана паставіць расейцам каля 370 тыс.т. цукру. На 2007 г. Беларуская цукровая кампанія заключыла дамовы з расейскімі кампаніямі на пастаўку 350 тыс.т. цукру.

На сёньня ў Беларусі дзейнічаюць чатыры цукровыя камбінаты: у Гарадзеі, Жабінцы, Скідзелі і Слуцку. Першыя тры зь іх зьяўляюцца горадаўтваральнымі прадпрыемствамі і таму эканамічныя праблемы на цукровых камбінатах непазьбежна адаб’юцца на сацыяльна‑эканамічнай сытуацыі гэтых паселішчаў.

Да ўсяго сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, што забясьпечваюць сыравінай камбінаты, сутыкнуцца з рэзкай і адчувальнай зьменай спэцыялізацыі. Ужо цяпер аграномам так званых «бураковых» гаспадарак загадваюць значна зьмяншаць пасевы цукровікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?