Пакуль доўжыцца дыскусія пра тое, ці можа песня «Перамен!» быць гімнам беларускай рэвалюцыі, ці варта знайсці песню з большым дачыненнем да беларускай культуры. І чаму песня Belarus Freedom пры ўсёй сваёй таленавітасці, што называецца, «не спрацавала».

«НН» узгадала дзесяць класічных песняў пратэсту, і паспрабавала раскрыць сакрэт іх папулярнасці. Мы імкнуліся адабраць тыя песні, якія ў розныя часы траплялі ў чарты — такім чынам гэта акрамя пратэстнай, яшчэ і папулярная музыка. Такім жа чынам мы можам патлумачыць і прыналежнасць песняў да англійска-амерыканскай традыцыі: так ужо сталася, што ХХ стагоддзі вызначальнай была менавіта яна. Калі браць у галабальным плане-то давялося б прыводзіць не дзесяць песняў, а не менш за сто.

Bob Dylan — The Times They’re a-Changin

У 1964 годзе яшчэ зусім малады, але вельмі палітычна заклапочаны Боб Дылан стварыў ледзьве не асноўную амерыканскую песню пратэсту. Песня пра тое, што часы мяняюцца, была не першай «пратэстнай» у рэпертуары Дылана — аднак, яе простая (што называецца, чатыры з паловай акорды) мелодыя, паэтычны тэкст, у якім Дылан заклікае людзей жыць суадносна з часам, дый прастата, з якой яна спяваецца, зрабілі яе хітом.

Дылан вучыўся пісаць «злабадзённыя песні» у Вудзі Гатры — легендарнага амерыканскага барда, усе песні якога так ці інакш звязаны са змаганнем за правы чалавека. У выніку Дылан, пасталеўшы і заўважыўшы, што ў свеце ёсць цікавейшыя за палітыку рэчы, не даў зрабіць з сябе «голас пакалення», аднак песня працягвае жыць у шматлікіх перапеўках дагэтуль. Знайсці відэа з арыгінальным выканнем цяжка — відэахостынгі забітыя аматарамі, якія спяваюць на вэб-камеру (такіх знайшлося больш за 50). Таму мы прапануем вам якасную кавер-весрію ад Брайана Фэры.

Buffalo Springfield — For What It’s Worth

«Нешта адчуваецца ў паветры/Што менавіта — зразумела кожнаму/Узброены чалавек стаіць побач/Кажа, я мушу сцерагчыся». Вельмі спакойная па сваім тэмпе і мелодыі песня гурта Buffalo Springfield стала ідэальным гімнам сярэдзіны 60-х. У песні няма ніводнага закліку, Стывен Стылз спакойна апісвае адчуванне паранойі, якое ахоплівала тагачаснае грамадства. Магчыма вось гэта апісальнасць і зрабіла песню хітом — новыя і новыя версіі песні з’яўляюцца да нашага часу. Той самы выпадак, калі павольная і расслабленая песня нясе ў сабе вельмі моцны зараз пратэсту і дзейнічае лепш за заклікі «На барыкады!».

John Lennon — Give Peace a Chance!

Джон Ленан прыдумаў гэтую песню, валяючыся ў ложку (гэта была, дарэчы адмысловая акцыя пратэсту супраць вайны), і запісаў адразу пад гітару на магнітафон, у якасці хору выкарыстаў усіх, хто ў той момант знаходзіліся ў пакоі — ад паэта Алена Гінзберга да журналістаў. Песня роўна з двух акордаў з простым як дзве капейкі тэкстам выконваецца з тых часоў бадай што на кожнай амерыканскай дэманстрацыі, звязанай з правамі чалавека. Крычалка пра тое, што трэба даць міру яшчэ адзін шанец, можа і паказацца прымітыўнай, аднак прастата выканання (можна і без інструментаў), тэксту (можна крычаць толькі прыпеў) і аўтарства Ленана зрабіла яе хітом на ўсе часы.

Neil Young — Rockin’ in a Free World

Па ўласных словах, Ніл Янг за апошнія 40 гадоў так і не знайшоў часу, каб атрымаць амерыканскае грамадзянства. Болей за тое, ён жа у розныя часы знаходзіўся ў крымінальным вышуку ва ўсіх 50 штатах за дробнае хуліганства. Аднак большага патрыёта ЗША ўявіць складана — калі пачалася вайна ў Іраку, Янг запісаў альбом, песні на якім маюць назвы кшталту Let’s Impeach The President. І гэта толькі на альбоме, уяўляеце што ён казаў на канцэртах? Аднак трэба ўлічыць, што Ніл Янг — адзін з лепшых паэтаў рок-пакалення, а ягоныя песні ахопліваюць не толькі палітыку, а ўсе сферы чалавечага жыцця. Класічны прыклад таленавітай і моцнай апазіцыі.

Bob Marley — Redemption Song

За дзесяць гадоў актыўных запісаў, Боб Марлі паспеў выказацца на ўсе тэмы — у тым ліку напісаць ледзьве не самыя сур’ёзныя, а разам з тым і пазітыўныя песні пратэсту. На перадсмяротным альбоме Марлі апошнім нумарам запісаў пад акустычную гітару лепшую сваю пратэстную песню, ды такую, што няма нічога ні дадаць, ні адняць.

Joan Baez — We Shall Overcome

Джоан Баэз амаль не піша песняў сама: яна выконвае чужыя вось ужо 50 гадоў, пры гэтым абараняючы правы ўсіх тых, чые правы хоць трошкі да парушаны. Яна паспела паўсюль — ад легендарнага Вудстока да кватэрніка (!) у гасцях у Андрэя Сахарава ў Савецкім Саюзе. Песня We Shall Overcome — не толькі ў яе выканні, стала гімнам пратэстаў ва ўсім свеце: будзь тое страйкі на вуліцах Чыкага ці канцэнтрацыйныя лагеры ў Францыі. Зразумела, Баэз не магла яе не спяваць — і як яна гэта рабіла!

Richie Havens — Freedom

Яшчэ адзін герой Вудстока — менавіта з ягонага моцнага крыку «Свабода!», які суправаджаўся адчайным боем па струнах гітары, якія ляцелі адна за адной, і пачаўся культавы фестываль. Першапачаткова ў народнай песні Sometimes I Feel Like a Motherless Child, ні слова пра свабоду няма — аднак пасля апрацоўкі Хэвенса, песня пачала называцца не інакш як Freedom. Яшчэ адзін прыклад таго, як проста прыгожая песня можа за пяць хвілін першага выканання стаць гімнам свабоды для цэлага пакалення людзей.

Stevie Wonder — You Haven’t Done Nothin’

Геній стварэння поп-мелодый Стыві Уондэр неаднаразова звяртаўся да пратэстнай тэматыкі, таму выбраць з ягонай творчасці нешта адно, асноўнае — немагчыма. Аднак «Ты не зрабіў нічога» — досыць прамалінейны і злы зварот да Рычарда Ніксана стаў класікай у творчасці Уондэра. Дарэчы, гэтую песню перазапісвалі і іншыя музыканты — кожны раз знаходзіўся палітык, якому можна было яе адрасаваць.

Paul McCartney — Freedom

Гэтая песня, напісаная пасля тэракту 11 верасня, вядома любому аматару песняў пратэсту ў Беларусі, дзякуючы каверу «Партызанскай школы». Наколькі ўдала беларускі пераклад лёг на мелодыю Макартні, і на тэму «горш альбо не» можна спрачацца бясконца — аднак, нейкая частка класічнага для Макартні абаяння з песні знікла.

Patti Smith Group — People Have The Power

Палову панк-песняў у прынцыпе можна залічыць да разраду пратэстных. Тут узгадваюцца і Sex Pistols, i The Ramones, i MC5. Аднак песня Паці Сміт, пра якую ніхто не можа зразумець, панк гэта ці паэзія, стала апошнім якасным панк-гімнам80-х, і цяпер яе выконваюць на сваіх канцэртах і маладыя панкі — ідэальнае спалучэнне драйву і тэксту дазволіла песні з прахаднога, калі па вялікім рахунку, альбома стаць класікай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?