Раман Міраненка, фота Сяргея Гудзіліна.

Раман Міраненка, фота Сяргея Гудзіліна.

Раман Міраненка — адзін з найбольш перспектыўных байцоў краіны ў такой экзатычнай дысцыпліне, як змяшаныя адзінаборствы. Іх яшчэ называюць баямі без правілаў, ці ММА. У снежні Раман заваяваў першы чэмпіёнскі пояс. А 3 ліпеня Міраненка трапіўся на Прывакзальнай плошчы, калі там адбывалася маўклівая акцыя пратэсту. Адседзеў 10 сутак на Акрэсціна і ў Жодзіне. Вось такія нагоды, каб пазнаёміцца са спартсменам.

Зарабляць баямі не ўдаецца

«Наша Ніва»: Раман, мы сустракаемся ў Ваш абедзенны перапынак. Дзе працуеце?

Раман Міраненка: Працую менэджарам па продажы кандыцыянераў.

«НН»: Баямі нельга зарабіць сабе на жыццё?

РМ: Можна зарабіць, але для гэтага трэба ўзровень на парадак вышэйшы, чым у мяне. Каб выйсці на гэты ўзровень трэба мець і стартавы капітал, і час. Пяць трэніровак у тыдзень — гэтага недастаткова. Трэба трэніравацца мінімум два разы на дзень. З працай сумяшчаць досыць складана. Для мяне гэта хутчэй хобі, чым прафесія. Вось, імкнуся сумяшчаць.

«НН»: Някепска выходзіць. Ужо вось і чэмпіёнам сталі.

РМ: У Беларусі гэта даволі малады від спорта, толькі развіваецца, таму і канкурэнцыя не вельмі вялікая. У нас змяшаныя баі робяць толькі першыя крокі. Можа, таму і стаў чэмпіёнам. Ёсць дастаткова шмат моцных хлопцаў, але з нейкіх аб’ектыўных прычынаў летась яны не выступалі.

«НН»: Колькі ў Беларусі байцоў?

РМ: Груба кажучы, калі пяць чалавек у кожнай вагавай катэгорыі моцных ёсць, то гэта добра. У нас усяго пяць байцоў, а ва Украіне ў кожным клубе па пяць. Канкурэнцыя там вельмі высокая.

«НН»: Дык а ў Беларусі спецыяльныя клубы існуюць, ёсць куды пайсці займацца змяшанымі баямі?

РМ: Ёсць клубы, накіраваныя на асобныя віды спорту — барацьба, самба, тайскі бокс. Да нас у ММА прыходзяць людзі з іншых адзінаборстваў. Каб з дзяцінства некага рыхтавалі, то такіх клубаў у нас я не ведаю.

І ў стойцы, і ў партэры

«НН»: Вы з якога спорту трапілі ў ММА?

РМ: З вольнай барацьбы. Ёй займаўся яшчэ ва Украіне. Пераехаў у Беларусь, пачаў займацца тайскім боксам. Прапанавалі сумясціць са змяшанымі баямі. Паспрабаваў, спадабалася, нешта ўдалося. У М¬1 нехта лепшы ў стойцы, нехта —у партэры. Усё заключаецца ў тым, хто каго перахітрыць.

«НН»: Навыкі барацьбы моцна дапамагаюць?

РМ: Канечне. Калі сустракаюцца барацьбіт і ўдарнік, то ўсё будзе залежаць ад тактыкі бою, хто перавядзе яго ў сваё рэчышча. Калі «павёўся» на тактыку праціўніка — лічы, што прайграў.

«НН»: Калі трэніравацца паспяваеце?

РМ: У мяне пяць трэніровак на тыдзень. Пятніца і нядзеля выходныя. У нядзелю лазня, у пятніцу ці лёгкі крос, ці адпачынак поўны. Імкнуся рабіць зарадку раніцай (практыкаванні, крос, гнуткасць), але не заўсёды ўдаецца. Раблю гэта а сёмай раніцы, у гэты час дужа напружваць арганізм не трэба. Прафесіяналы займаюцца болей, але я стаўлю крыху іншыя мэты ў жыцці.

«НН»: Якія?

РМ: Хачу дасягнуць нейкіх кар’ерных поспехаў. У мяне ёсць сям’я. Я ведаю, што адным спортам сям’ю не пракорміш. Спортам пакуль грошы я зарабляць не магу. Магчыма, некалі выйду на іншы ўзровень, тады і падумаю.

Правілы вельмі жорсткія

«НН»: Праслаўлены беларускі баец Андрэй Арлоўскі з’ехаў у Амерыку, каб зарабіць грошы і папулярнасць...

РМ: У Арлоўскага і тут быў клас высокі. Проста так у ЗША не з’едзеш, цябе павінны заўважыць, запрасіць.

«НН»: Нікуды не запрашалі?

РМ: Цяпер у мяне траўма рукі. Перанёс ужо адну аперацыю, перасаджвалі сустаў. Яшчэ так і не аднавіўся. Рука не згінаецца. Відаць, будзе яшчэ адна аперацыя. Гэта час і грошы. А цяпер няма ні першага, ні другога. Калі аднаўлюся, яшчэ не ведаю. Запрашалі на некалькі турніраў, але не ездзіў. Баёў хапае, як і турніраў, не хапае байцоў.

«НН»: Часта ваш від спорту называюць «баямі без правіл». Гэта правільна?

РМ: Не. Ёсць такое абыватальскае меркаванне, што калі змешваеш «рукі, ногі і барацьбу», то гэта баі без правіл. Насамрэч абмежаванні вельмі жорсткія. Спорт не больш траўманебяспечны, чым футбол. Хаця, безумоўна, траўмы ёсць, яны непазбежныя, як у любым іншым кантактным відзе спорту.

«НН»: Чаго ж у тайскім боксе заставацца не захацелі? У ім поспехі беларусаў уражваюць.

РМ: Туды я пайшоў, каб спасцігнуць азы бою ў стойцы. Гэта маё слабае месца. Я сябе шукаю. Здаецца, у М¬1 пачаў знаходзіць. Мне гэта падабаецца. Я пачаў займацца тайскім боксам у 23 гады, а мае аднагодкі ў Беларусі займаліся ім ужо 15¬16 гадоў. Яны ўжо на высокім узроўні, і канкураваць з імі бессэнсоўна.

Родныя супраць

«НН»: Раман, а як Вы апынуліся ў Беларусі?

РМ: Ёсць тут знаёмыя, прыязджаў да іх у госці. Пазнаёміўся з дзяўчынай, з якой потым узялі шлюб. Думалі, ці яна да мяне пераедзе ва Украіну, ці я да яе. Яна тады вучылася, я прыехаў да яе. Вось так і абжыўся. У Беларусі ўжо паўтара года.

«НН»: Родныя не супраць твайго хобі — М1?

РМ: Канечне, супраць. Мама, бабуля супраць. Суседка да бабулі прыходзіць і расказвае, што ім плацяць па 10 тысяч даляраў, яны б’юцца насмерць. Тлумачыш потым, паказваеш відэа, што ёсць суддзя, ёсць правілы. Усё не так страшна. У дзяцінстве мама не аддавала мяне нават на барацьбу, бо перажывала, што гэта ўсё бандытызм. Зрэшты, калі табе гэта падабаецца і ты можаш гэта аргументаваць, то і родныя не будуць супраць.

«НН»: А жонка?

РМ: Жонка звыклася: калі я нешта вырашыў, то буду гэта рабіць. У гэтым нічога кепскага няма — гэта не наркотыкі, не бандытызм. Я займаюся спортам, і горш ад гэтага нікому не будзе. Зразумела, што яна таксама не вельмі пазітыўна ставіцца да гэтага, але змірылася.

«НН»: У жыцці навыкі даводзілася калі¬небудзь прымяняць?

РМ: На жаль, так. Тыя, хто трэніруецца ў спортзалах, ім дастаткова агрэсіі. На вуліцах заўсёды імкнешся канфлікт максімальна згладзіць. Але бывае, што людзі пераходзяць рысу. У мяне крыху імпульсіўны характар, ёсць моманты, калі не магу сказаць «стоп». Гэта кепская рыса.

Хірург з дзевяццю татуіроўкамі

«НН»: У Вас ёсць мянушка «Хірург», адкуль яна?

РМ: Старая доўгая гісторыя з Украіны, яшчэ са школьных гадоў. Гісторыя сапраўды цікавая, але яна мяне не прыхарошвае, таму не хачу расказваць. Насамрэч мне гэтая мянушка падабаецца.

«НН»: Нярэдка спартсмены — людзі забабонныя. Вы таксама стараецеся ступіць на рынг з пэўнай нагі?

РМ: Імкнуся не стрыгчыся і не галіцца перад боем. Ёсць такія забабоны, што тым самым пазбаўляешся навыкаў і досведу. Зразумела, што за пару дзён да бою нікуды не лезеш, проста адпачываеш дома, каб у дзень паядынка стрэльнуць.

«НН»: Раман, раскажыце трохі пра свае татуіроўкі. Што яны азначаюць?

РМ: Мае захапленні. На руцэ вось тут — Траянская вайна. Гэта бой дзвюх наймацнейшых на той час дзяржаў, які пачаўся на глебе кахання. Я ўкладаю сюды нейкі свой сэнс. У мяне дзевяць татуіровак, але месцаў вольных яшчэ хапае. Хутка паеду да сябра ў Кіеў, зраблю яшчэ. Гэта не танная забаўка, калі хочаш якасную. Робіцца раз на ўсё жыццё, таму грошай лепш не шкадаваць.

«НН»: А якое ў вас стаўленне да баёў жанчын?

РМ: Жонку ні ў якім разе не пусціў бы. Але калі жанчыны выступаюць за роўнасць полаў, то ніхто ім не можа ўказваць. Калі яна хоча, можа, то чаму не. Нічога кепскага ў гэтым не бачу.

На сумленні людзей у цывільным

«НН»: Па затрыманні 3 ліпеня. Як так адбылося?

РМ: Я жыву недалёка ад вакзала, ішоў дадому. Да мяне падбеглі людзі не ў форме. Ніхто не прадставіўся, пачалі круціць. Разумеў, што супраціўляцца не трэба.

«НН»: Адбіцца ж, відаць, маглі.

РМ: Ну, я не скажу, што сам ішоў туды. Нешта спрабаваў ім растлумачыць, але не дапамагло, усё адно затрымалі. Гэта на іх сумленні застанецца.

«НН»: Як сядзелася?

РМ: Перанесці ўсім пад сілу. Але нейкі непрыемны адбітак застаецца. Я б цудоўна жыў, не ведаючы, што такое ізалятар і турма. На Акрэсціна былі не дужа добрыя ўмовы, але стаўленне чалавечае. У Жодзіне добрыя ўмовы, але стаўленне — як да сабак.

«НН»: Што за людзі, з якімі сядзелі?

РМ: Людзі розныя — студэнты, дырэктары фірмаў, пенсіянеры. Нармальныя, знайшлі супольную мову. Многія проста праходзілі міма. Быў мужчына, што паехаў па памперсы для дзіцяці, выходзіў з крамы, калі яго затрымалі. Пенсіянер гуляў з сабачкам.

Тут кожны за сябе

«НН»: Колькі на год выпадае баёў?

РМ: Залежыць ад спартсмена. Ёсць магчымасць біцца раз на месяц. Калі ты выйграў папярэдні бой лёгка, то зразумела, што можаш выходзіць потым на рынг вельмі хутка. Бывае, што ты не можаш біцца паўгода. Нельга ўвесь час працаваць да знямогі. Трэба накопліваць апетыт. Хаця часам трэба пераадольваць сябе. Ідзеш пасля працы ў залу, а табе не хочацца, хочацца паспаць. Але трэба. Каб інтарэс заставаўся, трэба ўмець і адпачываць. Гэта не камандны від спорту, дзе адзінаццаць чалавек бегаюць. Адзін з іх можа выкладвацца і не на 100%, але каманда выйграе. Тут кожны сам за сябе, і ўсё залежыць ад цябе. У нас калі прайграеш, то няма на каго зваліць віну. Вінаваты толькі сам. Мне гэтым і падабаецца, што кожны адказвае за сябе.

«НН»: Камандныя віды спорту не любіце?

РМ: Мне цікава пабегаць у рэгбі, пагуляць у футбол, мячык у баскетболе пакідаць. Але каб я быў фанатам, то такога няма.

«НН»: Ёсць меркаванне, што адзінаборствы развіваюць эгаізм.

РМ: Не сказаў бы. Мне здаецца, што развіваецца толькі нейкая мэтаскіраванасць. Гэта залежыць ад характару, калі чалавек нейкі пафасны, ці пахабны, то гэта будзе адбівацца і ў спорце, і ў жыцці. Тое ж і пра людзей сціплых. Мой цесць кажа: «Што мне падабаецца ў вашым спорце, дык гэта як вы калоціце адзін аднаго, разбіваеце твар у кроў, а пасля бою абдымаецеся і цісніце адзін аднаму рукі». У мяне ў спорце няма ворагаў, толькі супернікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?