У Рэдакцыю «НН» звярнулася мінчанка Любоў Седарэйка. У яе ў часе адной з акцый схапілі сына, здзекаваліся з яго ў турме.

Сама яна працавала ў КДБ, цяпер на пенсіі. Яна абураная тым беззаконнем, якое творыцца ў краіне. Так, 6 ліпеня каля Лядовага палаца ў Мінску быў затрыманы яе сын Барыс. Па словах жанчыны, малады чалавек чакаў там яе. Забралі яго ў 20.40 на вачах у спн. Любові — шасцёра «брытагаловых» схапілі і павалаклі ў аўтобус. Жанчына адзначае, што ніякай акцыі ўжо і не было. Яна спрабавала патрапіць у аўтобус, але яе груба штурхалі. Яна скардзіцца, што пасля рукі былі ў сіняках.

Спн. Любоў заўважае, як па рацыях перамаўляліся людзі ў цывільным. Маўляў, адзін пытаецца ў другога:

«Колькі ў цябе ў аўтобусе не хапае?» — «Сямнаццаць».

«Вось і хапалі каго заўгодна», — кажа жанчына.

Жанчына паскардзілася, што працяглы час не магла адшукаць сына. У РУУСах казалі, што Барыс знаходзіцца на Акрэсціне, а там скіроўвалі ў міліцыю. Выявілася, што сын быў адразу ў Фрунзенскім РУУСе Мінска. Толькі пасля яго адправілі ў ізалятар на Акрэсціна. А затым — у Жодзіна. Сын гэты пераезд назваў самым жахлівым, што было за тыя дзесяць сутак арышту, да якога прысудзіла суддзя Жукоўская. Малады чалавек расказаваў, што ў Жодзіне

іх прымусілі бегчы па «калідоры» з людзей у масках з сабакамі.

Такім чынам маладых людзей спрабавалі напалохаць.

Як даведалася спн. Любоў, не ўсе перадачы нават з дазволеных прадуктаў даходзілі да сына. А за тымі, што аддавалі, трэ было выстаяць чаргу з 8.00 да 13.00. Як было сказана жанчыне,

у першую чаргу аддавалі перадачы крымінальнікам.

Калі выпускалі, іх вывезлі да птушкафабрыкі «Чырвоны Сцяг», каб толькі арыштаваных не сустрэлі сябры і родныя, якія чакалі ў іншым месцы.

«Я была далёкая ад палітыкі. А цяпер кожную сераду буду хадзіць на акцыі. І буду першай. Лепш я буду хадзіць супраць такога… Душа баліць».

Па словах спн. Любові, Барыс нармальна перанёс арышт. У камеры людзі падтрымлівалі адзін аднаго. Яна кажа, што нават задумваецца пра тое, каб «сын выехаў адсуюль у любую краіну, дзе з людзей не здзекуюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?