Пра гэта заявіла першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Надзея Каткавец на ўстаноўчым сходзе Аграпрамысловага аб’яднання ў Маскве 26 ліпеня.

«Палітыка па фарміраванні, насычэнні спажывецкага рынку, уключаючы харчаванне, у Беларусі, я лічу, праводзіцца спакойна, узважана, выверана, з тым каб у першую чаргу спажывец меў у поўным аб’ёме тое, што яму неабходна, і меў магчымасць усё гэта неабходнае набыць», — цытуе чыноўніцу РІА Новости. Каткавец дадала, што «вывераная палітыка праходзіць і ў галіне цэнаўтварэння».

«Ёсць сёння некаторыя пытанні па фарміраванні цэнаўтварэння на імпартныя тавары. Што да цэн на беларускае харчаванне — гэта вывераныя, вельмі спакойныя цэны», — дадала першы намеснік міністра

Яна паведаміла, што Міністэрства эканомікі Беларусі рэгулюе цэны на сацыяльна значную прадукцыю. Для гэтага ўрадам вызначаны пералік тавараў, у які ўваходзіць максімальная колькасць усіх спажывецкіх тавараў, з іх 60% — харчаванне.

«Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, яна вельмі спакойная, ніякіх ярка выражаных момантаў, перакосаў у нас у краіне няма»,
 — падкрэсліла Каткавец, дадаўшы, што чэргаў у магазінах няма.

Акрамя гэтага, урад Беларусі робіць неабходныя захады, каб працягвалася рэалізацыя ўсіх інвестыцыйных праектаў у АПК, і не згортвае выкананне галіновых праграм, нягледзячы на цяжкасці ў эканоміцы. «Праграмы мы не згортваем, а, наадварот, імкнемся рабіць усё магчымае для таго, каб усё вызначанае па 12 праграмах, усе мерапрыемствы былі выкананыя», — сказала Каткавец. Яна адзначыла, што рэалізацыя гэтых праграм дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, а таксама пастаўкі тавараў на экспарт.

Як растлумачыла першы намеснік міністра, у Беларусі рэалізуецца 12 праграм у АПК, у тым ліку па малочнай галіне, птушкагадоўлі, селекцыі і насенняводстве і г.д. У межах гэтых праграм будуецца і рэканструюецца шмат аб’ектаў. Напрыклад, сёлета плануецца завяршыць будаўніцтва каля 100 малочна-таварных комплексаў. Таксама вядзецца рэканструкцыя птушкагадоўчых прадпрыемстваў і свінакомплексаў.

«Ніяк нельга сёння гэтыя аб’екты нейкім чынам згортваць, таму ўрад робіць усе захады для таго, каб замежныя і беларускія інвестары гэтую працу працягвалі», — сказала прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?