Баранавіцкаму актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі Рыгору Грыку адмоўлена ў правядзенні двух адзіночных пікетаў «супраць беззаконнасці».

«За 15 дзён я падаў заяўку на правядзенне двух пікетаў. 25 ліпеня ў Баранавіцкім гарвыканкаме я атрымаў копію адказу на маю заяўку. Мне было адмоўлена ў правядзенні двух пікетаў, прызначаных на 30 і 31 ліпеня, са спасылкай на 1 пункт рашэння гарвыканкама № 1497 „Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у г. Баранавічы“. З адказу я зразумеў, што я недакладна ўказаў месца правядзення пікетаў, прапісанае ў рашэнні гарвыканкама», — паведаміў БелаПАН актывіст.

Ён планаваў правесці пікеты ў парку на вуліцы Камсамольскай: 30 ліпеня з 17.00 да 18.00 і 31 ліпеня з 15.00 да 16.00.

«Мэта пікетаў — пратэст супраць беззаконнасці, — адзначыў Грык. — Гэтымі акцыямі я хацеў прыцягнуць увагу да невыканання нашымі чыноўнікамі законаў, што, у сваю чаргу, прыводзіць да парушэння правоў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй: на свабоду сходаў, на свабоднае выказванне сваіх поглядаў, а таксама на крытыку чыноўнікаў, у тым ліку суддзяў і пракурораў».

10 ліпеня Грык правёў адзіночны гадзінны пікет супраць росту цэн, які быў санкцыянаваны ўладамі. Заяўка была аформлена гэтак жа, як і заяўкі на акцыі 30 і 31 ліпеня, але тады ў гарвыканкама не ўзнікла прэтэнзій да фармулёўкі месца пікетавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?