Лукашэнка прыняў доўгачасовую кіраўніцу "Беларусбанка" і пасля гэтага стала вядома пра яе прызначэнне старшынёй Нацбанка.
Як афіцыйна паведамляецца, у часе сустрэчы
Надзея Ермакова «адзначыла стабілізацыю» сітуацыі. Паводле яе слоў, «насельніцтва супакоілася і з 10 чэрвеня ідзе прыток укладаў у банкаўскую сістэму» ў рублях. «Што датычыцца валютных укладаў, то іх адток ў цэлым таксама спыніўся»і «ўжо ў асобных банках, дзе працэнтныя стаўкі вышэйшыя, ідзе невялікі прыток».
Паводле яе слоў, курс 5000 за даляр адлюстроўвае рэальны ўзровень і не стрымліваецца адміністрацыйнымі метадамі.
Пераходу на адзіны курс ад беларускіх уладаў патрабуюць іх замежныя фундатары: Расія і МВФ. Адзіны курс стаў умовай выдзялення Беларусі крэдыту ЕўрАзЭС.
Надзея Ермакова адзначылася ў часе фінансавага крызісу вясны 2011-га як адданая прапагандыстка.«Ну вось у мяне яго [даляра] няма, і я не іду ў абменнік, мне ён проста не патрэбны, у мяне ў 90-я не было, і сёння няма, — заявіла яна на тэлебачанні. — Так, абутак завозіцца імпартны, так, ён стане крыху даражэйшы, але нічога страшнага, зносім замест двух туфляў адны».
Пры гэтым у выніку дэвальвацыі ўкладчыкі яе банка страцілі каля мільярда даляраў за кошт абясцэньвання сваіх рублёвых дэпазітаў.
Ермакова пераехала ў Мінск з пасады загадчыцы фінаддзела Шклоўскага райвыканкама.
Ермаковай 58 гадоў, нарадзілася яна ў вёсцы Разальмаў Хоцімскага раёна, што на крайнім усходзе Беларусі.