Вялізны эфект: у краіне рэзка знізілася спажыванне паліва і вырасла энэргаэфектыўнасць.
Урад Ахмадзінеджада ажыццявіў глыбокія рэформы эканамічнай сістэмы Ірана. Ён абсёк тое, што накручвалася гадамі. Адпусціў цэны на газ, бензін і іншае паліва, а таксама на асноўныя прадукты харчавання. Замест гэтага большасці хатніх гаспадарак — акрамя багатых — выплачваецца штомесяц каля 40 даляраў кампенсацыі.
Эфект стаў заўважны ўжо праз паўгода. У краіне рэзка знізілася спажыванне паліва. Краіна мае магчымасць экспартаваць яго больш. Эканомія для бюджэту складзе аж 60 мільярдаў даляраў у год. Але галоўнае, што энэргаэфектыўнасць эканомікі пачала рэзка расці.Тое, чаго было не дабіцца заклікамі, робіць кашалёк. Цана дызпаліва вырасла ў Іране ў 4 разы. Спажыванне паліва за паўгода знізілася агулам на 20%, прытым што ВУП працягваў рост.
Сістэма датацый і субсідый нарастала гадамі. Гэта была частка сацыяльнага кантракту ўладаў з насельніцтвам.
Многія эканамісты лічаць, што дзякуючы апошнім рэформам іранская эканоміка моцна выйграе ў бліжэйшай перспектыве. Спынілася марнаванне рэсурсаў.
Большасць арабскіх краін, асабліва аўтарытарных, трымае цэны на паліва і асноўныя прадукты, заніжанымі. Тое самае адбываецца і ў Беларусі, дзе нізкія зарплаты спалучаюцца з нізкім коштам паслуг ЖКГ, гарадскога транспарту, паліва, хлеба і малака.





