Як падманвалі цэнзуру ў часы «развітага сацыялізму». Піша Анатоль Сідарэвіч.

…Гутарка ў рэдакцыі ішла пра школьныя праблемы. І ў сувязі з гэтым нехта згадаў «Настаўніцкую газету». «Ды гэта не газета, — сказаў Васіль Вітка, — а ідэалагічная дыверсія». І помню рогат, бо словы «ідэалагічная дыверсія» ў дачыненні да «правільнай» газеты ў 1970-я гучалі камічна. Ідэалагічная дыверсія — радыё «Свабода» ці кніжачка ў валізе беларуса з Падляшша (знешнія дыверсанты), кніжачка ў сумцы хлопца, які пабываў у Маскве, або надрукаваная на машынцы гутарка Міколы Ермаловіча (унутраныя дыверсанты)…

На барацьбу з дыверсіямі і дыверсантамі былі пушчаныя вялікія сілы: партыйны апарат (ад райкамаў да ЦК КПСС), КДБ з яго памежнымі войскамі і палітычным вышукам, Галоўліт (так называлася цэнзура) і іх памочнікі. Стукачы былі ў кожнай рэдакцыі, у кожнай студэнцкай групе, армейскім узводзе, на кожным караблі, у кожнай эскадрыллі… Задача ўсіх гэтых службаў была ў тым, каб схаваць ад савецкага чалавека непажаданую інфармацыю, пэўныя ідэі, а таксама імёны аўтараў гэтых ідэй. Задача была і ў тым, каб абясшкодзіць грамадзян, якія распаўсюджваюць непажаданыя ідэі, спрабуюць папулярызаваць забароненыя імёны. У сцяне былі дзіркі

Цяпер лічыцца, што КПСС, як адзіная ў СССР партыя, была маналітам. Але насамрэч Масква не магла рэгуляваць усё. КПСС падраздзялялася на кампартыі саюзных рэспублік. І тут быў пракол сістэмы. У Беларусі быў свой спіс забаронаў, у Літве — свой, ва Украіне — свой… Калі ў Мінску чалавеку без допуску нельга было і марыць пачытаць дакументы БНР, дык у Вільні іх можна было канспектаваць і капіяваць свабодна. Тое ж і з «забароненымі» ў БССР газетамі, часопісамі, кнігамі…

Што-колечы можна было ўведаць і з бэсэсэраўскіх выданняў 1920-х. Так у БССР склалася група гуманітарыяў, якія ведалі нямала «забароненага» і асмельваліся публікаваць творы аўтараў, на чые імёны савецкая ўлада наклала праклён. Пра ідэалагічных дыверсантаў і іх дыверсіі мой нарыс.

Самым юным чытачам тлумачу: у той час мы яшчэ не чулі пра інтэрнэт, капіявальныя машыны былі адно ў такіх установах, як ЦК КПБ, Савет Міністраў, КГБ, а персанальны камп’ютар я ўпершыню ўбачыў у 1991 годзе.

Дыверсант-рэцыдывіст Генадзь Кісялёў

Кожнаму студэнту, які марыць стаць акадэмікам, трэба хоць пагартаць кнігу «Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст.». Выйшла кніга ў 1977 годзе («развіты сацыялізм», брэжнеўская канстытуцыя!). Уклаў яе Генадзь Кісялёў.

У кнізе ёсць раздзел, прысвечаны Францішку Багушэвічу, а ў раздзеле тэкст — «З успамінаў пляменніцы паэта Ю. Радзевіч і З. Нагродскага». Кожны, хто ўчытаецца ў тэкст, зразумее: гэта не самі ўспаміны, а чыйсьці запіс тых успамінаў. Чыё імя схаваў Г. Кісялёў? Такое пытанне павінны былі задаць укладальніку кнігі яе рэдактары — акадэмік Васіль Барысенка і тады яшчэ кандыдат навук Адам Мальдзіс.

Вось тут і хаваецца інтрыга. Была гэта змова трох філолагаў ці ўсё-такі двух — Г. Кісялёва і А. Мальдзіса? Цяжка дапусціць, каб В. Барысенка і А. Мальдзіс не ведалі, каму насамрэч належыць тэкст. Але В. Барысенка — чалавек, у сталінскую эпоху гартаваны, — наўрад ці мог прапусціць яго, а вось А. Мальдзіс — чалавек «ідэйна няўстойлівы»: у студэнцка-камсамольскую пару быў заўважаны ў касцёле, сустракаўся з Ларысай Геніюш, хваліў у друку яе зборнік… Гэты лёгка мог стаць — пакарыстаемся тагачасным жаргонам — саўдзельнікам ідэалагічнай дыверсіі.

Бо Ю. Радзевіч і З. Нагродскаму Кісялёў прыпісаў фрагменты артыкула Антона Луцкевіча «Жыццё і творчасць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучаснікаў». Імя Луцкевіча — заснавальніка «Нашай Нівы», стваральніка БНР, ідэолага беларускага руху ў пачатку ХХ стагоддзя,- было пад суровай забаронай у тыя часы.

Змясціўшы яго працу ў «Пачынальніках», Кісялёў адважваецца на наступную ідэалагічную дыверсію. Выпускае кнігу «Пуцявінамі Янкі Купалы: Дакументы і матэрыялы». Кніга выйшла перад сотымі ўгодкамі Песняра. Дасведчаныя таварышы паказвалі ў гэтай кнізе адну мясцінку і захоплена казалі: «Ну й хітрун Генадзь Васільевіч!».

Гэтая мясцінка — адзін толькі сказ з ліста Уладзіміра Самойлы да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 2 снежня 1909 г. У 1909 годзе малады Янка Купала ў літаральным сэнсе апынуўся на вуліцы. Уладальнік віленскай бібліятэкі-чытальні «Знание» звольніў яго, а ў «Нашай Ніве» паэт атрымліваў за працу па сумяшчальніцтве ўсяго пяць рублёў. Ён кінуўся да Эпімах-Шыпілы, але той не змог дапамагчы. Затое паспрыяў кіраўнік выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» Вацлаў Іваноўскі. Ён даў Купалу прытулак у Піцеры і знайшоў яму працу. Вось пра гэта і паведамляў У. Самойла ў лісце Б. Эпімах-Шыпілу.

На імя В. Іваноўскага ў БССР было накладзена табу. Яго можна было згадваць толькі адмоўна: буржуазны нацыяналіст, паслугач… Таму, апублікаваўшы прозвішча Іваноўскага, Г. Кісялёў зрабіў такую зноску: «Іваноўскі Юрый Леванардавіч — інжынер-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Так імем старэйшага брата (ідэйнага паляка) было прыкрыта імя Вацлава Іваноўскага — ідэйнага беларуса.

Дыверсант Сяргей Дубавец

Але ж іншы даследчык, Рыгор Семашкевіч, пісаў, што Купалавым дабрадзеем быў не Іваноўскі, а Эпімах-Шыпіла. Папросту немагчыма было за саветамі апублікаваць усю праўду пра пецярбургскі перыяд жыцця Купалы: многія імёны былі пад забаронай, пагатоў імя Іваноўскага, таму на першы план выйшаў палітычна нейтральнейшы Эпімах-Шыпіла.

Рыгор Семашкевіч выкладаў у БДУ. Адным з яго студэнтаў на факультэце журналістыкі быў Сяргей Дубавец. І калі ў 1983 годзе выйшла кніга эсэ і артыкулаў настаўніка «Выпрабаванне любоўю», студэнт узяўся напісаць рэцэнзію для тыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

Гэта быў небяспечны тэкст. Я, тады загадчык аддзела крытыкі і бібліяграфіі ў рэдакцыі «ЛіМа», пабойваўся і за сябе, і за рэдакцыю, і за аўтара. Дубавец выкарыстаў кнігу Семашкевіча, каб падаць у савецкім друку імёны Вацлава Ластоўскага і братоў Луцкевічаў без знішчальных характарыстык. Зрэшты, ад мяне залежала мала. Мая справа была падрыхтаваць рэцэнзію да друку, а друкаваць ці не — вырашаў галоўны рэдактар Алесь Жук, які ў складаных выпадках раіўся і са сваім намеснікам Міколам Гілём, і з таварышамі ў «чырвоным доме». Да таго ж Алесь сябраваў з Рыгорам Семашкевічам…

Не ведаю, што сказалі Алесю Жуку пра рэцэнзію ў ЦК КПБ. Затое добра памятаю, як у канцы 1983 года на семінары маладых пісьменнікаў загадчык аддзела культуры ЦК Іван Антановіч ківаў Дубаўцу пальчыкам: мы не дазволім… А загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Савелій Паўлаў пасля закамандуе адправіць выпускніка журфака БДУ на правінцыю. Дарма што ён ужо меў працу ў выдавецтве «Беларуская савецкая энцыклапедыя». Што ж тычыцца мяне, дык з часам ад Алеся Жука запатрабуюць звольніць «гэтага нацыяналіста» з працы.

Этногаф і фалькларыст

Генадзь Кісялёў змясціў у сваёй кнізе фрагменты тэксту Антона Луцкевіча ў 1977 годзе. А праз год ідэалагічную дыверсію ўчыніў навуковы супрацоўнік Інстутута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Кастусь Цвірка. Ага, той самы паэт, перакладчык Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі і галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору».

Інстытут выпускаў тады шматтомную серыю «Беларуская народная творчасць». У томе «Вяселле: Абрад» К.Цвірка апублікаваў артыкул «Слуцкае вяселле». Зноў-такі, артыкул як артыкул, але вось імя аўтара… Юрка Лістапад. Слуцкі паўстанец, эмігрант, потым галоўны фігурант гучнай палітычнай справы. Нават тэрмін «лістападаўшчына» быў…

Зноў пытанне: а куды глядзелі рэдактары тома — член-карэспандэнт Васіль Бандарчык і доктар філалогіі Анатоль Фядосік? Няўжо случак Бандарчык не чуў пра лістападаўшчыну?

Другі ідэалагічны дыверсант з ІМЭФ выкарыстаў для сваёй акцыі том «Легенды і паданні» (1983).

Сустракаем мы пад нумарам 282 паданне «Князь Барыс і чорт». У каментары спасылачка: «Крывіч, 1923, № 3, с. 3 -4. Зап[ісана] ад полацкага мешчаніна Тарноўскага». А часопіс «Крывіч» хто выдаваў? І дзе?.. Або вось яшчэ: «Сцяпан і Вялляна». Спасылка на беларускі каляндар на 1919 год «Swajak». А гэты каляндарык хто выпусціў? Ці вось гэтае паданне — «Сож і Дняпро» — хто запісаў?..

Людзі дасведчаныя ўсміхаліся і тлумачылі недасведчаным: гэта тэксты Ластоўскага. Менавіта тэксты. Бо Вацлаў Юстынавіч пачутыя сюжэты легендаў апрацоўваў як літаратар. У кнігу «Легенды і паданні» яго тэксты трапілі дзякуючы аднаму са складальнікаў тома, Антону Гурскаму. А рэдактарам быў ужо знаёмы нам Анатоль Фядосік…

Не «Тутэйшыя», дык «На куццю»

У 1982 годзе адзначалася 100-годдзе Янкі Купалы. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» рэдакцыя крытыкі і драматургіі (вось такое было спалучэнне) рыхтавала да выпуску зборнік. У яго павінна была — пасля дзесяцігоддзяў забароны — трапіць і знакамітая п’еса Песняра «Тутэйшыя». І калі здавалася, што зборнік мінуў усе рагаткі, раптам раздаўся сігнал: стоп! Дарма загадчыца рэдакцыі Вера Палтаран адстойвала зборнік, дарма дырэктар выдавецтва Міхась Дубянецкі абіваў парогі інстанцый. Забарона была катэгарычная.

Але пакуль інстанцыі змагаліся з «Мастацкай літаратурай», супрацоўнік рэдакцыі крытыкі і драматургіі Алесь Разанаў уклаў зборнік Янкі Купалы «Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..». Прадмову да кнігі напісаў Анатоль Вярцінскі. А выдала яе «Юнацтва».

Укладальнік змясціў там усяго некалькі вершаў «савецкага» Купалы. Затое ў кнігу трапіла паэма «На Куццю». Яе, як і п’есу «Тутэйшыя», цягам дзесяцігоддзяў забаранялі друкаваць.

І Сцяпан Александровіч?

Увесну 1984 года ў рэдакцыю «ЛіМа» завітаў шаноўны госць — Сцяпан Хусейнавіч Александровіч. Прынёс машынапіс артыкула «Невядомая беларуская кніга».

Рыхтаваўся зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517 -1917». І вось у спратах знайшлі надрукаваную яшчэ ў 1912 годзе ў Пінску кніжачку нейкага Арцёма Музыкі «Прыгоды Тараса і Панаса». Пра яе і напісаў Сцяпан Хусейнавіч.

Прафесар Александровіч адзначыў багатую лексіку апавядання, жывы, дынамічны стыль і паставіў пытанне: хто аўтар гэтага твора? І выказваў такую здагадку: «Арцём Музыка — гэта, бясспрэчна, псеўданім нейкага… здольнага беларускага пісьменніка, які добра валодаў пяром і… не ўпершыню выступаў у друку». Літаратуразнаўца гатовы быў бы прызнаць аўтарам кніжкі Якуба Коласа, але…

Праз колькі дзён пасля публікацыі ў рэдакцыю «ЛіМа» завітаў другі шаноўны госць — Адам Мальдзіс. Ён пахваліў публікацыю Сцяпана Хусейнавіча і таксама задаў пытанне: хто ж аўтар гэтае кніжачкі? Я меў адказ: «Пан ведае прозвішча гэтага аўтара, бо пану вядомы іншы яго псеўданім — Власт». Адам Восіпавіч на момант сумеўся. «Пан упэўнены ў гэтым?» — «Як у тым, што цяпер на дварэ божы дзень».

Пра тое, што аўтар «Прыгодаў Тараса і Панаса» — Вацлаў Ластоўскі, яшчэ да публікацыі артыкула Александровіча сказаў мне Дубавец. Ён чытаў гэтую маленькую аповесць у мюнхенскім выданні твораў Ластоўскага (1956), якое кантрабандаю трапіла ў БССР.

…У 1986 годзе зводны каталог «Кніга Беларусі» выйшаў з друку. У ім няма нават згадкі пра «Кароткую гісторыю Беларусі», выдадзеную ў 1910 г. пад шмат каму вядомым псеўданімам «Власт», але затое паказаныя «Прыгоды Тараса і Панаса», бо складальнікам каталогу быў невядомы псеўданім «Арцём Музыка».

Калі не праз дзверы, дык праз акно

1987 год. Другі год гарабчоўскай перабудовы. У Мінску пошапкі: дазволяць ці не? А праз нейкі час пранеслася: не дазволілі!..

ЦК КПБ не дазволіў вечарынай, а хоць нейкім артыкульчыкам адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння Алеся Гаруна.

Бедны Гарун! У канцы 1940-х Міхась Ларчанка спрабаваў яго рэабілітаваць. Не ўдалося. Дык жа тое было за жывым Сталіным, а цяпер нібыта ад Сталіна адмаўляюцца… Ну, гэта ў Маскве, а тут, у Мінску, яшчэ замаразкі, ідэалогіяй па-ранейшаму кіруюць Савелій Паўлаў ды Іван Антановіч. Яны вырашаюць, дазволіць ці не.

І вось аднаго дня ў мяне раздаўся званок: «Ты чытаў «Литературку»?

Маскоўская «Литературная газета» 8 красавіка 1987 г. мела сярод беларускай інтэлігенцыі вялікі поспех. Нягледзячы на забарону ЦК КПБ, Вячаслаў Рагойша апублікаваў у ёй артыкул «Судьба поэта: К столетию со дня рождения Алеся Гаруна», а пад артыкулам — у перакладзе Браніслава Спрынчана (!) — тры вершы Гаруна. Малайчына Рагойша, малайчына Спрынчан, — казалі адны, а іншыя дадавалі: малайчына Анатоль Казловіч. Бо за публікацыяй стаяла і невідочная чытачам постаць тагачаснага карэспандэнта «Литературной газеты» ў Беларусі.

Вось і маеце, грамадзяне з «чырвонага дома»: не хацелі пускаць Гаруна праз дзверы, дык ён вярнуўся праз акно.

З гэтае публікацыі і пачалося адкрытае вяртанне «забароненых» імёнаў і твораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?