Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуд-паліва для касмічных ракетаў. Не нарадзіўся на гэты свет увогуле ці пайшоў іншым прафесійным шляхам: напрыклад, гандляваў кактусавай расадай ці распрацоўваў бензапілкі для пазногцяў — няважна. Ці паднялася б касмічная ракета ў паветра пры такіх умовах?
Бо ў чалавецтва і без хіміка Кіта нешта-нейкае было: бензін, газа, салярка. Сякія-такія радовішчы вугалю або торфу. Таму варта дапусціць, што касмічны карабель — хай сабе нехлямяжа, з дрыжыкамі, але ўсё ж уздымаецца, і — можа, не так шпарка, як хацелася, — аднак ляціць. Так, вядома: на кожныя сто кіламетраў у яго выдаткоўваецца на якія дзве тоны літраў паліва больш, і на другую ступень ён пераходзіць не адразу, а толькі мінуўшы якую-небудзь стратасферу. Аднак далібог, зоркі пакрысе бліжэюць.

Пойдзем далей: дапусцім, людзі не вынайшлі тытанавых сплаваў — дык навалам алюмінію, чыгуну ўрэшце. Так, няма гэтых бліскучых тумблераў з проціўдарным шклом, нікеляваных пускачоў і яркіх чырвоных кнопак. Аднак, з лёгкасцю перабудзем без пластыку ды іншых зіхоткіх збыткоўнасцяў. Згода: касмічны карабель пачынае нагадваць шараговы аўтамабіль — хіба нестандартны памерамі, — што імчыцца па вертыкалі, у якім тваю хуткасць і ўсё астатняе паказваюць не камп’ютарныя датчыкі, а звычайныя спідометры і механічныя паказчыкі ўзроўню алівы.

Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку цяфцелек — не будзе такога. Маем спецыяльную кансерву, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансеровы нож, на дзяржальне якога па-майстэрску выгравіраваныя дробныя заркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны заркалёцік і файненькае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.

Дапусцім, я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну. Бо, бачыш, нават без цябе ў мяне яўна маглі быць сякія-такія варыянты. Яна амаль як ты, нішто сабе такая. Яна, можа, не надта эфектная, але вельмі эфектыўная. І ўсе сябры, якія бачаць нас разам, пагаджаюцца: я зрабіў слушны выбар. Калі мы з ёй няспешна ідзем па вуліцы, на нас заўжды азіраюцца — мы, можа, не самая прыгожая пара, але дужа гарманічная. Ці, хутчэй, азіраюцца на нашых дзетак. Так, я забыўся: у мяне нарадзіліся ад яе дзеці-анёлы, якія ўвогуле па-за паскудствамі дарослых разбораў.

Усё, усё ў норме — я ж увогуле не ведаю, што ты існуеш. І ў нас не адбылося гэтага пякучага расстання, бо не было сустрэчы. Усё нармальна: я, бадай, ніколі не плачу ад любасці, калі гляджу на спячую жонку.

Дапусцім, што касмічны карабель — усё гэтае прадпрыемства з кансеравымі бляшанкамі і роварнымі насосамі для напампоўкі свежага паветра — так-сяк адарвалася ад зямнога прыцягнення і цяпер мае на мэце скарыць Месяц.

Усё шэрае, грувасткае. Тушаніна з кансароўкі вытрыбушылася і дурным метэарытам лунае ў бязважкасці, а тлушч бязлітасна пэцкае абабітыя вагонкай сценкі карабля і касманаўцкае трыко. Рухавік люта дрыгціць — ажно ў зямляніна займае сэрца. Учапіўшыся ў чорную абаранку руля, касманаўт абліваецца потам і агаляе торс, бо карабель, пазбаўлены нявынайдзеных кандыцыянераў, распаліўся да белага. Праз недасканаласць замкоў — яны навясныя — працяклі шлюзы, і ў задніх адсеках плёхаецца адкрыты космас... Аднак па вялікім рахунку, жыць, а дакладней ляцець, можна.

Дапусцім, ты на нейкім этапе таксама знаёмішся з іншым хлопцам: паўгода вы сустракаецеся, яшчэ год жывяце разам і ўрэшце жэніцеся. Ён станоўчы чалавек, у меру прыгожы, можа, і не да канца табе падабаецца, але — ат, сыдзе. Табе з ім някепска, спакойна. Калі б я сустрэў яго на вуліцы, дык абавязкова забіў бы, ці, прынамсі, зламаў нос. Але я і думаць не думаю пра яго — як, дарэчы, і пра цябе — бо мы ж адно аднаму чужыя людзі.

І вось на сваім недасканалым караблі касманаўт да Месяца дапяў. І ён ужо гатовы расчыніць нагою шлюз, каб выйсці на паверхню, як раптам яму прыходзіць да галавы, што здзейсніць гэта няма ў чым. Памятаеце, мы ж сказалі, што ў нашым караблі ўсё будзе трошачкі горш, на ўзровень ніжэй? Дык вось, у гэтай трохі горшай рэальнасці адпраўшчыкі касмічнага карабля забыліся вынайсці скафандр. Ну, ясная рэч, у іх было столькі праблемаў: з тарфяным палівам ды з іншымі нягеглымі прыстасаваннямі. І за гэтымі ўвіханнямі і змарнаваным імпэтам яны забыліся на вынаходніцтва такога, па сутнасці, простага аксэсуара, як герметычны скафандр. Рукі не дашлі да рэчы, без якой скараць Месяц нязручна і недарэчна.

У давяршэнне няшчасцяў, у баках скончылася звычайнае паліва, якога выдаткоўвалася ўдвая больш, чым таго, якое мог бы вынайсці Барыс Кіт. Далёт назад яўна адмяняецца.

Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы. Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.

Я ўбачыў цябе — і мяне прашывае нейкая такая бліскавіца, аднак я не парупіўся нічога зрабіць: я спісваю сваё захапленне табою на алкаголь, які я толькі што ўжыў у слановых дозах, ці на сваю творчую экзальтаваную натуру, пра якую пры любым няўдалым павароце майго жыцця заўсёды любяць нагадваць мае сябры. Ты таксама пазіраеш на мяне і хочаш пазнаёміцца, але і сама не дужа ведаеш, што трэба сказаць мне, за што зачапіцца.

Ратунку няма. Сумота касманаўта ў захраслым на Месяцы міжпланетным тарантасе не падобная ні да чаго. І нават не будзем параўноўваць яе з кінамі пра сапсаваныя падлодкі, дзе экіпаж цэлы фільм чакае ўратавання і на экране паказваюць, як праяўляюцца іх найлепшыя пачуцці: спагада, лагода, чуллівасць. У процівагу падводнікам, касманаўт адзін і ніхто не збіраецца здымаць яго на кінастужку. Ён беспрытульна гойсае па адсеках, між чатырох сценаў, усё роўна як шукаючы іншых чальцоў экіпажу, у якіх ён змог бы паплакаць на плячы ці прынамсі паказаць фотку сям’і. Усё астатняе таксама не на карысць параўнання захраслага на Месяцы карабля з загрузлай на дне акіяна падлодкай: ні табе рыбаў, якіх можна праз ілюмінатар убачыць, ні тарпеды, якую можна пусціць дзеля спагнання сляпой злосці. Раз-пораз касманаўт блямкаецца лабацінай аб чыгунныя сценкі ракеты і раз’ятрана пляжыць нагамі катамаранныя педалі ў кабіне пілота.

Адно добра — радыё на Месяцы хоць і не вельмі, але працуе. Яго ж для чалавецтва вынаходзілі двойчы: італьянец Марконі і расіец Папоў. Хоць тут пашэнціла. Касманаўт дасылае на Зямлю паведамленне: так і так, дастаўце, калі ласка, на Месяц паліва і скафандр...

Адпраўшчыкі ракеты на Зямлі ў недалікатнай манеры, уласцівай гэтай недасканалай версіі быцця, адпраўляюць касманаўта яшчэ далей, бо другога касмічнага карабля няма і гадоў -наццаць не будзе — абсалютна ўсе сілы чалавецтва былі кінутыя на першы. Больш за тое: ім няясна, як касманаўт увогуле дапяў да Месяца, бо праз недасканалыя дасягненні нашай цывілізацыі ад яго чакалі ну максімум пары віткоў вакол Зямлі і якога траўматычнага звароту напаследак. Што да скафандра — яны ўвогуле не ў курсе, што значыць гэтае слова.

І не ведаем, ці варта дабіваць касманаўта звесткамі пра адсутнасць флікераў. У крыху горшым свеце апошнія хвіліны касманаўта будуць азмрочаныя ў простым сэнсе гэтага слова: ён будзе пазбаўлены нават гэтай дробнай асалоды — у сваёй нікчэмнай бляшанцы-караблі любавацца адлюстраваным бляскам зорак.

І вось мне і табе, якія ўчэпіста ўперыліся адно ў аднаго позіркамі на нью-ёркскай вуліцы, наспявае час размінуцца, як усім незнаёмым людзям. І ў самую гэтую хвілю старэчы голас з усходнееўрапейскім акцэнтам гучна прапануе нам купіць расаду для кактусаў. Я запавольваю крок: на хісткім століку вулічнага дзівака стракаціць усё-ўсялякае: тэлефонныя слухаўкі з уштукаванымі ў іх невялічкімі тэлевізійнымі экранамі, мініяцюрныя печкі, што паляцца шчэпкамі і могуць змясціць усярэдзіне дробныя бутэрброды ці невялікую талерку катлетаў. Ты таксама падышла і пасміхаешся, гатовая рассмяяцца. Мы зноў побач. Я ліхаманкава шукаю вачыма, за што б зачапіцца на дзядоўскім стале, каб разгаварыцца, але нічога такога, пра што можна спытаць. «Божа, хоць што-небудзь!» — прашу я ў думках. Але адзінае, што мне ўдаецца прыдумаць, гэта ўдавана гучным, разлічаным на публіку тонам спытацца: «А можа, у вас яшчэ, дзеду, і бензапіла для пазногцяў ёсць?» «Ну так, якраз днямі вынайшаў!» — адказвае ўсходнееўрапейскі дзядок і да майго здзіўлення і радасці выграбае са свайго зборнага майна мініяцюрную скрыначку, якая чымсьці нагадвае гільяціну для пальцаў. Твае вочы шырока расплюшчваюцца, як у дзяўчынкі, якая толькі што ўбачыла фокус. Ты шчыра рагочаш і нечакана па-сяброўску ляпаеш мяне па плячы. Мы нарэшце пазіраем твар у твар, вочы ў вочы, а ты падаеш руку і сур’ёзна кажаш: «Воля».

Тым часам касманаўт пры поўным парадзе — без скафандра, але ў блакітнай лётчыцкай пілотцы і трыко, з голым торсам і кансаровым нажом у кішэні — робіць свой першы, яўна не самы дасканалы, крок па Месяцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру