Вярхоўны суд 28 ліпеня адхіліў скаргу РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) на рашэнне Мінюста аб вынясенні ў гэтым годзе другога папярэджання арганізацыі.
Як паведаміў старшыня БХК Алег Гулак, у Мінюста "фармальна з'явілася прычына ініцыяваць справу аб ліквідацыі арганізацыі, аднак ён не абавязаны гэта рабіць". "Гэта пытанне палітычнай волі. Спадзяюся, цвярозы сэнс пераможа, і мы будзем мірна існаваць", — сказаў ён.
Мінюст вынес другое сёлета пісьмовае папярэджанне БХК 6 чэрвеня. Прычынай для папярэджання сталі "парушэнні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар".
Канфлікт паміж падатковай інспекцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспекцыя прад'явіла прэтэнзіі да БХК за нявыплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС.
Летам 2004 года гаспадарчы суд Мінска зняў з БХК абвінавачанні па ўхіленні ад выплаты падаткаў па сродках, задзейнічаных у межах праграмы ТАСІС, аднак гэта рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыум Вярхоўнага суда задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай прыкладна 75 тыс. долараў. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Мінска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на 255 тыс. рублёў у лік выплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых завінавачанасцяў.
Першае ў гэтым годзе папярэджанне было вынесена БХК 12 студзеня. Мінюст звярнуў увагу на дзейнасць аб'яднання пасля таго, як праваабаронцы накіравалі паведамленне пра націск на адвакатаў — абаронцаў фігурантаў справы аб падзеях 19 снежня, а таксама пра іншыя факты пераследу і запалохвання адвакатаў у Беларусі. Паведамленне было накіравана спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль. На думку Мінюста, "мела месца распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь".