Як паведаміў дырэктар Магілёўскага гарадскога КУП «Цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм» (ЦГІС) Аляксандр Селязнёў,

Магілёў стаў трэцім горадам у Беларусі пасля Мінска і Брэста, дзе тэхнічныя магчымасці дазваляюць камунальным службам адключаць каналізацыю злосным неплацельшчыкам. Паводле яго слоў, адпаведны дагавор ужо заключаны з адной з фірм, што спецыялізуюцца на такіх паслугах.

«Гэта больш жорсткая мера, чым адключэнне гарачай вады, але менш жорсткая, чым высяленне», — заўважыў Селязнёў. Ён таксама паведаміў, што ЦГІС склаў спіс злосных неплацельшчыкаў, запазычанасць у якіх за камунальныя паслугі складае тры-чатыры месяцы. Селязнёў мяркуе, што пасля папярэджання аб магчымым адключэнні каналізацыі яны пагасяць запазычанасць. У сваю чаргу камунальнікі абяцаюць дыферэнцыравана падыходзіць да магчымага адключэння, дадаў ён. Напрыклад, да сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі такая мера, хутчэй за ўсё, прымяняцца не будзе.

Тэхнічна адключэнне каналізацыі адбываецца з дапамогай змяшчэння ў каналізацыйны адвод з кватэры своеасаблівага запорнага прыстасавання, якое ўяўляе сабой шарык, які праходзіць па трубах тросам. «Там жа знаходзяцца відэакамеры, звязаныя з камп’ютарам. Як толькі шарык даходзіць да самога адгалінавання ў кватэру неплацельшчыка, там ён устанаўліваецца, у яго запампоўваецца паветра і ён блакіруе каналізацыю», — паведаміў Селязнёў, указваючы, што гэты спосаб дазваляе адключыць каналізацыю, не заходзячы ў кватэру неплацельшчыка.

Паводле слоў дырэктара ЦГІС, у выніку такога адключэння злосны неплацельшчык не толькі не можа карыстацца каналізацыяй, але і павінен заплаціць больш як 1 мільён рублёў, каб зноў падключыць яе.

Паводле звестак ЦГІС, за студзень-красавік 2011 года ў Магілёве ад жыллёва-камунальных паслуг былі адключаныя 73 неплацельшчыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?