У Баранавічах забаранілі правядзенне пікета ў падтрымку Мікіты Ліхавіда, прыгаворанага да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі ў Мінску 19 снежня.

Як паведаміў заяўнік акцыі — кіраўнік Баранавіцкага гарадскога аддзялення руху «За Свабоду» Віктар Сырыца, пікетаванне намячалася правесці 4 жніўня з 18.00 да 20.00 у старым парку на вуліцы Камсамольскай. Планавалася, што ў акцыі возьмуць удзел прыкладна 10 чалавек.

Мэта пікетавання — праінфармаваць жыхарў горада аб лёсе Ліхавіда і выказаць салідарнасць з ім.

Пікетчыкі планавалі выйсці на акцыю з партрэтамі Ліхавіда і распаўсюджваць прысвечаны яму спецыяльны выпуск бюлетэня руху «За Свабоду».

«У пікетаванні адмоўлена на той падставе, што я нібыта парушыў рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ў частцы месца правядзення акцыі, — дапоўніў Сырыца. — Але я падаў заяўку аб правядзенні акцыі ў старым парку. Гэта менавіта тое месца, якое вызначана ўладай для такіх мерапрыемстваў. Другая прычына — нібыта я парушыў артыкул 5 Закона „Аб масавых мерапрыемствах“. Усё, што ён прадугледжвае, я выканаў. У прыватнасці, указаў усе звесткі пра сябе, мэту пікетавання, колькасць удзельнікаў. Я не разумею, што я парушыў, таму маю намер звярнуцца ў гарвыканкам па растлумачэнне».

Як зазначыў Сырыца, пасля размяшчэння ў мясцовых незалежных СМІ інфармацыі аб магчымым пікеце пяцёра жыхароў Баранавічаў ужо ўзялі ў яго адрас калоніі, у якой адбывае пакаранне Мікіта Ліхавід, каб адправіць яму лісты падтрымкі. «Я ўпэўнены, калі б пікет дазволілі, то такіх людзей было б значна больш», — заявіў Сырыца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?