Жыхары розных раёнаў скардзяцца на бяздзеянне адпаведных службаў.

Дом №70 па вуліцы Сердзіча апанавалі блохі.

У «Нашу Ніву» звярнуліся жыхары дома № 70 па вуліцы Сердзіча ў Мінску. Яны скардзяцца на тое, што пад’езды іхняга дома запаланілі блохі. Па іх словах насякомыя ў вялікай колькасці з’явіліся тыдзень таму, а адпаведныя службы, нягледзячы на тэлефанаванні і асабістыя візіты да іх, дагэтуль нічога не зрабілі. Аляксандр жыве ў кватэры №17 на перым паверсе.

«Страшна зайсці ў пад’езд. Пакуль да кватэры дабяжыш — ногі ўсе чорныя».
Ён кажа, што ўпершыню пабачыў блох у сваёй кватэры ў мінулы аўторак. Выйшаў на пляцоўку і зразумеў, што яны з’яўляюцца з падвала. «У нас увесь час зацягваецца капрамонт, таму ў падвале суцэльная антысанітарыя. Там у нас цеплатраса акурат праходзіць, таму там заўсёды поўна бадзяжных катоў». У той самы дзень Аляксандр звярнуўся ў домакіраўніцтва, там параілі пачакаць да пятніцы. Але ў пятніцу ніхто не прыехаў. Патэлефанавалі на «гарачую лінію» адміністрацыі Фрунзенскага раёна. У адміністрацыі запісалі просьбу і… усё засталося па-ранейшаму, кажа жыхар дома. Па яго словах, у ЖЭСе ім паабяцалі выправіць сітуацыю, але блохі як скакалі па пад’ездзе, так і скачуць. І з кожным днём іх становіцца ўсё больш.
«Я жыву ў гэтым доме дзевяць год і ўпершыню тут такое бачу. Бабулі з нашага пад’езда прыгадваюць, што нешта падобнае было тут гадоў 25 таму. Можа і было, але мы жывём у іншы час і гэта проста дзікасць»,
— абураецца Аляксандр. Ён кажа, што скочкі пачалі апаноўваць і пад’езды суседніх дамоў.

Сусед Аляксандра Сяргей пацвярджае яго словы. «Апошнія дні да кватэры мы літаральна бяжым, каб не занесці блох у жытло. У падвал ужо не ходзім, і не толькі мы. Што там падвал, я нават каля паштовай скрынкі не затрымліваюся». Сяргей хвалюецца за дзяцей, якіх цяпер даводзіцца заносіць дамоў на руках.

Ён кажа, што ў суседнім доме прапісаная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, і з гэтым фактам звязвае надзеі на шчаслівае вырашэнне сітуацыі з антысанітарыяй.
«Кажуць, што блохі ўжо абжылі і той дом», — усміхаецца ён. (Ярмошына жыве ў Драздах.)

Рэпарцёр «Нашай Нівы» быў сведкам таго, як жанчына на балконе літаральна вытрасала ката ад скочак.

У ЖЭСе, які абслугоўвае дом №70, нам пакуль не ўдалося атрымаць тлумачэнні наконт сітуацыі ў дамах на вуліцы Сердзіча. Адказных спецыялістаў не было на месцы.

Блохі (па-беларуску іх яшчэ называюць скочкі) адносяцца да атраду крывасосных насякомых. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў, такіх, як напрыклад, гепатыт В, С. Блохі селяцца на жывёле і птушках. На людзях надоўга не затрымліваюцца, але не прамінаюць магчымасці ўчапіцца за ногі. Укусы блох выклікаюць моцнае раздражненне, балячкі загойваюцца значна даўжэй за ўкусы камароў.

* * *

У каментарах людзі паведамляюць, што праблема з блохамі стала актуальнай і ў іншых раёнах горада.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру