Жыву надзеяй
(з допісу Янкі Запрудніка)
Да
гісторыка, палітолага, літаратара,
дзеяча, доктара навук Янкі Запрудніка.
Жыву надзеяй між бягучых спраў.
У бегатні гадоў няма разгрузкі.
І ўсё ж наш Бог мяне не пакараў —
Даў мацярык: і тут ён — беларускі!
Прытулак для пякучых спраў заўзятых
на дні мае усклаў змагарны німб.
А дні народзінаў — не толькі святы:
і дзеі — Слова вымавіць за тых,
азмрочаных бязроднаю маною,
згадаць людзей, папраўдзе залатых
ды сцебануць глухую параною.
Жыву надзеяй. Для падзеі жыць —
паверыць: і Каханне маладзее!
і як такім жыццём не даражыць,
дзе Беларусь — штодзённая надзея.
Сяргей Панізнік
Дзень прарока Іллі, 2011





