Будаўніцтва чарговай аўтазаправачнай станцыі на тэрыторыі гаю ў гродзенскім мікрараёне Фолюш выклікае незадаволенасць у мясцовых жыхароў. Пад пагрозай не толькі экалагічная бяспека, але і гістарычная каштоўнасць гэтай тэрыторыі. У гады Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннапалонных «Шталаг», а цяпер знаходзіцца помнік загінулым.
«Гай, які высякаюць, быў месцам ціхага адпачынку і ўкрыццём ад летняй спёкі для мам з каляскамі. Куды ім зараз падацца? — расказвае Наталля Бялко, жыхарка дома, насупраць якога будуюць АЗС. — Урбанізацыя павінна мець межы. Дзеці не на словы звяртаюць увагу, а на ўчынкі дарослых. Колькі можна гаварыць адно, а рабіць іншае? 9 мая сюды заўсёды прыходзяць ветэраны і школьнікі, ускладаюць кветкі, гучаць урачыстыя залпы, а цяпер па гэтым месцы ездзяць трактары і будаўнічыя каткі».
Паводле слоў Наталлі Бялко, жыхары найбліжэйшых дамоў ужо накіроўвалі лісты з просьбай спыніць будаўнічыя работы ў Гродзенскі аблвыканкам і ВА «Беларуснафта», аднак безвынікова — работы актыўна працягваюцца.
У аддзеле архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама БелаПАН заявілі, што помнік загінулым ваеннапалонным чапаць не будуць. Вакол яго пакінуць некалькі дрэў і дастаткова месца, каб было куды пакласці кветкі.
У сваю чаргу, гродзенская краязнаўца Таццяна Козак сцвярджае: устанавіць дакладнае месца размяшчэння лагера «Шталаг» вельмі складана. «Ён першапачаткова будаваўся для знішчэння ваенных чырвонаармейцаў: тут трымалі і забівалі савецкіх салдат. Фолюш — мікрараён, які ўвесь час расце. Літаральна нядаўна падчас будаўнічых работ тут знайшлі астанкі людзей, жанчын і дзяцей. Такім чынам, можна выказаць меркаванне, што тут забівалі не толькі ваеннаслужачых, але і мірнае насельніцтва», — адзначыла краязнаўца.
На думку Козак, на гэтай тэрыторыі трэба будаваць не АЗС, а «цэлы мемарыяльны комплекс».





