Фактычна, Менск падтрымлівае Баку ў магчымай карабагскай вайне.

Выдача Азэрбайджанам зусім не маленькага крэдыту памерам 300 мільёнаў даляраў Мінску стала чарговым сьведчаньнем блізкіх адносінаў Менску і Баку пасьля ліпеньскага візыту беларускага прэм'ера ў Азэрбайджан. У другой палове 2000-х Азэрбайджан стаў адным з асноўных купцоў зброі ў нашай краіне.

Збліжэньне з Азэрбайджанам – яшчэ адно сьведчаньне ўмацаваньня міжнароднай самастойнасьці беларускай дзяржавы.

Новыя азэрбайджанскія сябры

Як прызнае сам беларускі МЗС, супраца з Азэрбайджанам актывізавалася менавіта «ў апошнія гады».
Сапраўды, да сярэдзіны 2000-х стасункі з гэтай дзяржавай займалі другараднае месца ў замежнай палітыцы нашай краіны. Па-першае, Лукашэнка ня мог знайсьці супольнай мовы са старым Аліевым – дзеячом савецкай партакратыі, які не лічыў беларускага кіраўніка раўнёй сабе.
Раней Менск, ідучы ў фарватэры замежнай палітыкі Расеі, ставіў на разьвіцьцё адносінаў з Армэніяй.
Так, Беларусь з 1993 году доўга ўтрымлівала на Паўднёвым Каўказе адзінае пасольства – у Ерэване. І дарма што па эканамічнай і палітычнай мэтазгоднасьці Менску варта было б адкрыць пасольства ў Баку, гэта доўга не рабілася, нават пасьля адпаведнай пастановы Саўміна.
Беларускае прадстаўніцтва ў «бітым вятрамі горадзе» (так можа перакладацца назва Баку) адчынілася толькі ў 2006 годзе.
Крыху раней азэрбайджанскае прадстаўніцтва зьявілася ў Менску.

З малодшым Аліевым, які стаў прэзыдэнтам Азэрбайджану пасьля сьмерці свайго бацькі Гейдара ў 2003 годзе, узаеміны ў беларускага лідэра склаліся найлепшым чынам. Зьмены ў двухбаковых дачыненьнях пачаліся пасьля ўспадкаваньня ўлады ў Баку, і ўжо ў 2004 годзе краіны абменьваюцца візытамі ўрадавых дэлегацыяў.

Беларусь збочвае з прарасейскага курсу, Лукашэнка знаходзіць новых сяброў
у асобе ня толькі Юшчанкі і Саакашвілі, але і Ільхама Аліева. З 2006 году Беларусь і Азэрбайджан абмяняліся чатырма афіцыйнымі візытамі на найвышэйшым узроўні. У 2008 годзе тавараабарот паміж краінамі перасягнуў 100 мільёнаў даляраў. За 2010 год узаемны таваразварот склаў ужо 146,2 мільёна даляраў, з дадатным сальда для Беларусі.
Міжнародныя пазыцыі Азэрбайджана ўмацаваліся ў 2000-х, асабліва пасьля запуску новага трубаправоду для касьпійскае нафты.
Гэта істотны момант для беларускай замежнай палітыкі: па-першае, ён дазваляе беларускаму кіраўніцтву разьлічваць на Баку як на натуральнага хаўрусьніка супраць Масквы, пагатоў што Азэрбайджан заўжды выступаў на баку апанэнтаў Расеі ў постсавецкай палітыцы, стаўшы нават некалі разам з Украінай, Малдовай, Узбэкістанам і Грузіяй сузаснавальнікам «анты-СНД» -- аб'яднаньня ГУУАМ.

Па-другое,

у працэсе пошукаў беларускім бокам альтэрнатыўнай нафты і асабліва пачатку вэнэсуэльскіх паставак беларускі ўрад знайшоў у Баку выгадных партнэраў.
Больш за тое, варыянт з абменам вэнэсуэльскай нафты на азэрбайджанскую дазволіў Беларусі выбудаваць больш шырокую і ўстойлівую схему нафтавых паставак, дарма што пакуль няяснай ступені выгаднасьці. Бо Азэрбайджан, безумоўна, ня супраць скарыстацца з наладжаваньня такім чынам кантактаў з таксама багатай на нафту Вэнэсуэлай, каб умацаваць сваё становішча на рынках нафты і займець запасную карту ў міжнародна-палітычнай гульні з тымі ж ЗША, калі зноў паўстане пытаньне акупаваных армянамі азэрбайджанскіх раёнаў і Нагорнага Карабагу.

Бразгат беларускай зброі

І пытаньне гэтае прэзыдэнт Аліеў спрабуе вырашаць усё больш настойліва. Перамовы ў рамках так званай «Менскай групы» АБСЭ (назва мае выключна фармальны характар) ужо колькі гадоў як зайшлі ў тупік. Кіраўніцтва Азэрбайджану шматкроць павялічыла вайсковыя выдаткі краіны.

Зрэшты, самі азэрбайджанцы скептычна ставяцца да гэтай гонкі ўзбраеньняў. Як адцеміў мой знаёмы лейтэнант азэрбайджанскага войска Турал, «у нас ёсьць войска, у якое ўклалі мільярды даляраў, але што з таго, калі ў армянаў ёсьць Расея».

Тым ня менш, часам здаецца, што

пытаньне новай сутычкі паміж Армэніяй і Азэрбайджанам – гэта пытаньне толькі часу.

У новай армяна-азэрбайджанскай вайне Беларусь фактычна апынаецца на баку Азэрбайджану.

Яна ўжо чынна спрычынілася да ўмацаваньня яго вайсковай магутнасьці. Толькі паводле апублікаваных ААН зьвестак, за 2005-2010 гады беларусы паставілі Баку 6 штурмавікоў Су-25, 30 122-мілімэтровых буксіраваных гаўбіцаў Д-30, 12 самаходных гаўбіц 2С7 "Півоня" 203 мм, 60 танкаў Т-72. Ерэван толькі ў 2007 годзе аднаго разу набыў у Менску 10 122-мілімэтровых буксіраваных гаўбіцаў Д-30. Дарэчы, цікава, што ў лічбах таваразвароту гэтыя гешэфты выразна не праглядаюцца.

Узаемная карысьць Менску й Баку

Беларуска-азэрбайджанскае збліжэньне стала зьдзейсненым фактам. Таму й ня дзіва, што азэрбайджанскі бок, побач з Саакашвілі, бароніць беларускі рэжым ад заходняе крытыкі,
яскравымі прыкладамі чаго былі паводзіны азэрбайджанскіх прадстаўнікоў у ПАРЭ ці Эўранэсьце. Аліеў гатовы выручыць Лукашэнку і грашыма – усе памятаюць, як беларускі лідэр ня так даўно тэрмінова пазычаў у Баку грошы, каб пагасіць беларускую запазычанасьць Расеі.
Супраца зь Менскам каштоўная Азэрбайджану не празь нейкія абстрактныя схемы, а зь меркаваньняў нацыянальных інтарэсаў – найпершым зь якіх ёсьць вызваленьне “акупаваных земляў”.

Падтрымка постсавецкіх дзяржаваў для Баку асабліва важная на тле таго, што пазыцыя шэрагу заходніх дзяржаваў па Карабагу неадназначная праз прысутнасьць у іх магутнага армянскага лобі (перш за ўсё ў Францыі і ЗША). Нельга забываць і пра іншыя інтарэсы азэрбайджанскага боку ў супрацы зь Беларусьсю – напрыклад, прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

Супраца з Азэрбайджанам важная для Беларусі як дадатковы рычаг ціску на Маскву ў любой сытуацыі і пры любых рэжымах. Асобна адцемім, што

Азэрбайджан – гэта адзін з асноўных варыянтаў выхаду Беларусі і шырэй — Усходняе Эўропы да альтэрнатыўных крыніцаў нафты і газу,
як касьпійскага, так і блізкаўсходняга рэгіёнаў. Замінае таму цяпер не тэхнічная праблема – якраз інфраструктура ў значнай ступені існуе, а палітычная – расейская рашучасьць захаваць уласную энэргетычную манаполію на ўсходзе Эўропы і амэрыканска-іранскі канфлікт, у выніку якога Вашынгтон блякуе любыя праекты, да якіх мае дачыненьне іранскі рэжым.
Беларусь ня мае патрэбы афіцыйна ўступаць у ГУУАМ ці іншыя такога кшталту хаўрусы апанэнтаў Масквы. Яна ўжо фактычна знаходзіцца ў іх шэрагах,
і толькі цяперашняя напружанасьць у адносінах з Захадам ды хаатычная замежнапалітычная лінія беларускага рэжыму перашкаджае больш выразнаму сьцьверджаньню беларускае самастойнасьці ад Расеі.

* * *

Сяргей Богдан -- усходазнаўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?