32 удзельнікі пратэсту на памежным пераходзе «Брузгі» абавязаныя выплаціць у даход дзяржавы 4 277 334 рублі паводле пазову УУС Гродна і 52 443 рублі — па пазове гарадской мытні. З такім вынікам завяршыўся 5 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна працэсу над удзельнікамі акцыі.

Адвакат Аляксандр Бірылаў не згодны з рашэннем суда і плануе яго абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.

Судовае разьбіральніцтва праходзіла ў закрытым рэжыме.

Аб закрытым рэжыме на першым судовым пасяджэнні, якое адбылося 20 ліпеня, хадайнічалі прадстаўнікі УУС, матываваўшы гэта тым, што ў справе прысутнічаюць дакументы толькі для службовага выкарыстання. Пракурор і прадстаўнікі гарадской мытні падтрымалі форму закрытага суду. Адказнікі аднагалосна выступілі супраць. Аднак судзьдзя Юлія Шумская хадайніцтва задаволіла.

2 жніўня, пасля таго як суд абвясцілі закрытым, адзін з адказчыкаў пажадаў, каб яго інтарэсы ў судзе абараняў адвакат. Суд задаволіў яго хадайніцтва і абвясціў перапынак у судовых разглядах да 4 жніўня.

На працэсе 4 жніўня, дзе інтарэсы адказчыкаў абаранялі адвакаты Аляксандар Бірылаў і Уладзімір Кісялевіч, тры чалавекі былі вызваленыя ад адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, міліцыя трэці раз змяніла памер выплаты сумы адказчыкаў. Памер матэрыяльных прэтэнзій склаў 4 227 000 рублёў (першапачатковая сума штрафу складала каля 11 мільёнаў рублёў). Штраф павінны выплаціць 32 удзельнікі акцыі.

Нагадаем, 12 чэрвеня каля 200 чалавек перакрылі дарогу на пункце пропуску «Брузгі». Такім чынам людзі выказвалі сваю незадаволенасць з нагоды забароны на вываз з краіны паліва і іншых тавараў. Ленінскім судом горада Гродна усе затрыманыя ўдзельнікі акцыі былі пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі ад 30 да 80 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пазней УУС і мытня горада Гродна прад’явілі ім яшчэ матэрыяльныя прэтэнзіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?