Міністэрства замежных спраў Літвы сцвярджае, што яшчэ ў чэрвені інфармавала іншыя літоўскія ведамствы аб тым, каб тыя не падавалі Беларусі інфармацыю, якую можна было б выкарыстоўваць у мэтах пераследу апазіцыі.

«Па ініцыятыве МЗС у чэрвені і ліпені былі арганізаваныя міжведамасныя нарады на беларускую тэму, на якіх абмяркоўвалася, як абараніць асоб, звязаных з беларускай апазіцыяй. Ледзь атрымаўшы сігналы аб магчымым выкарыстанні інструментаў прававой дапамогі супраць членаў грамадзянскай супольнасці, МЗС звярнуўся ў іншыя літоўскія ўстановы з просьбай не прадастаўляць Беларусі падобную інфармацыю, якая магла б быць выкарыстаная для пераследу апазіцыі», — гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС, якое распаўсюдзіла інфармагенцтва BNS.

У МЗС Літвы адзначаюць, што адным з прыкладаў падобнага пераследу з’яўляецца затрыманне кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага і дзеянні беларускіх органаў, накіраваныя супраць яго праваабарончай арганізацыі.

«МЗС Літвы паслядоўна падтрымлівае намаганні па забеспячэнні правоў чалавека і ўмацаванню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і разам з іншымі літоўскімі ведамствамі імкнецца не дапусціць выкарыстання інструментаў двухбаковага прававога супрацоўніцтва ў палітычных мэтах у суседняй краіне», — падкрэсліваецца ў заяве міністэрства.

«Гэты выпадак — папярэджанне аб тым, якія негатыўныя наступствы можа мець фармальнае рашэнне аб прадастаўленні інфармацыі замежным дзяржавам, што прымаецца без уліку палітычнай рэкамендацыі МЗС», — цытуе BNS кіраўніка літоўскага МЗС Аудроніса Ажубаліса.

Ён падкрэсліў, што і ў далейшым прыкладзе намаганні, каб палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі адпушчаныя на волю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?