Цела Анджэя Лепера знайшлі ўчора ўвечары ў варшаўскім офісе партыі «Самаабарона», якую ён стварыў 11 гадоў таму і якой увесь гэты час кіраваў. Паводле следчых, палітык павесіўся ў пятніцу паміж 8:30 і 12 гадзінай, прычым удзел трэціх асобаў прадстаўнікі пракуратуры выключылі.

Сёння, а 13-й паводле мінскага часу варшаўская пракуратура афіцыйна пацьвердзіла факт самагубства, адзначыўшы, што папярэдняя і пакуль адзіная версія — гэта фінансавыя клопаты Лепера. Следчыя паведамілі таксама, што памерлы не пакінуў перадсмяротнага ліста.

Анджэй Лепер зрабіўся вядомы на пачатку 90-х, калі разам са сваімі калегамі-фермерамі пачаў блакаваць дарогі ды дзяржаўныя ўстановы на знак пратэсту супраць раптоўнага падаражання крэдытаў на сельгасмашыны ды ўвогуле палітыкі ўраду ў галіне сельскай гаспадаркі.

У 2000 годзе Лепер заснаваў партыю «Самаабарона Рэчыпаспалітай», якая ўжо ў наступным годзе увайшла ў парламент. Анджэй Лепер на пачатку быў віцэ-спікерам Сейму, а потым, пасля падпісання «Самаабаронай» пагаднення аб кааліцыі з партыямі «Права і справядлівасць» ды «Ліга польскіх сем’яў» стаў віцэ-прэм’ерам і міністрам сельскай гаспадаркі.

Аднак ў 2007 годзе пасля некалькіх сур’ёзных скандалаў з Леперам у галоўнай ролі, кааліцыя распалася і былі абвешчаныя датэрміновыя выбары, у выніку якіх «Самаабарона» не атрымала патрэбных 5% галасоў, каб патрапіць у парламент.

Меркаванні наконт ролі Лепера ў польскай палітыцы падзеленыя. Адныя лічылі яго трыбунам, змагаром за правы пакрыўджаных, іншыя і такіх значна болей, цвердзяць, што ён пагоршыў стандарты польскага парламентарызму, увёўшы вулічныя звычкі ды мову ў залу паседжанняў Сейму.

Анджэй Лепер апошнім часам быў па-за галоўнымі падзеямі палітычнага жыцця Польшчы. Паведамляецца, што сёлета ўвесну ён заснаваў фірму, якая павінна была займацца увядзеннем польскага бізнэсу на беларускі рынак. Як вядома, Анджэй Лепер неаднаразова наведваў Беларусь, у тым ліку і ў часе выбараў, і хваліў палітычны лад, што пануе ў нашай краіне.

У жніўні 2000 года Лепер заявіў нават, што папросіць палітычнага прытулку ў Беларусі, калі суд не спыніць справу супраць яго за блакады дарогаў. Праз некалькі гадоў палітык прызнаўся, што гэта быў жарт.

Анджэю Леперу было 57 гадоў. У яго засталіся жонка, дзве дачкі і хворы сын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?