Расследаванне таямніцаў аўтобусных перавозак Мінск-Вільня.

Штораз вяртаючыся ўвечары з Вільні апошнім беларускім аўтобусам, я, як і іншыя пасажыры, сутыкаюся з праблемаю: у касе віленскага аўтавакзала няма квіткоў! Дакладней, у касу іх трапляе толькі 5 штук, і разыходзяцца яны ў адно імгненне. У мінскія касы яны наогул не паступаюць — набыць іх загадзя немагчыма. Таму пасажыры збольшага вымушаны набываць квіткі ў кіроўцаў. Набываць — панятак умоўны, бо ты аддаеш кіроўцам грошы (троху менш, чым патрабуюць у касе) і, не атрымоўваючы ніякага квіточка, сядаеш на вольнае месца. Акалічнасці нелегальнага бізнэсу беларускіх кіроўцаў я высвятляла ў Вільні і Мінску.

«А давайце мы вернем вам грошы? Вось і разабраліся»

Каб займець канкрэтныя факты і лічбы, якімі потым можна будзе апеляваць у размовах з кіраўніцтвам аўтапарку, я правяла адмысловы эксперымент. Набыўшы ў Вільні ў кіроўцаў квіток, а дакладней месца ў аўтобусе за 30 літаў (блізу 75 тыс. рублёў) у той час, як на вакзале ён каштуе 36 літаў, я села на рэйсавы аўтобус «Коўня — Мінск», які праходзіць праз Вільню. Менавіта гэты штодзённы рэйс на 18.05 з’яўляецца апошнім, якім можна патрапіць з Вільні дадому, а таму да яго вечна стаіць чарга са студэнтаў і выкладчыкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, беларускіх турыстаў і аматараў «Акропаліса». Такім чынам, ахвочых патрапіць у аўтобус заўжды хапае. Часам нават больш, чым можа змясціць аўтобус — у такіх выпадках хцівыя кіроўцы просяць «лішніх» даехаць да мяжы стоячы, пасля пешкі перасекчы яе (за гэта кіроўцы вам нават даплоцяць) і вярнуцца ў аўтобус. А там, глядзіш, нехта сыдзе ў Ашмянах і вызваліць сядзячае месца.

— Зноўку шэсць літаў сэканоміла, — радасна падышла да купкі студэнтаў у хвасце аўтобуса дзяўчына.

— Ну-ну, у выпадку чаго, крый Божа, на шэсць літаў асабліва не налечышся, — незадаволена паглядзеў на легкадумную аднагрупніцу студэнт. — Вось як так можа быць?! Я гатовы заплаціць 36 літаў, каб атрымаць папяровы квіток, і не магу гэтага зрабіць!

З гэтым не паспрачаешся. 5 квіткоў на віленскім аўтавакзале разыходзяцца настолькі хутка, што, бывае, іх не купіць за некалькі дзён да рэйсу. А ў аўтобусе ўсім запраўляюць кіроўцы, як мне патлумачылі ў мясцовай касе. Такая сітуацыя існуе ўжо мінімум 3 гады, але пасажыры, імкнучыся зэканоміць капейчыну і не думаючы пра магчымыя наступствы, збольшага моўчкі пагаджаюцца на правілы кіроўцаў.

Даехаўшы да канцавога прыпынку ў Мінску, я дачакалася, пакуль разыдуцца іншыя пасажыры, і падышла да кіроўцаў.

— Як я магу атрымаць квіток? Трэба аднесці яго на працу, каб кампенсавалі праезд — з камандзіроўкі вяртаюся.

Рэакцыя кіроўцаў была нечаканая: троху павохкаўшы, што я іх загадзя не папярэдзіла — маўляў, узялі б квіток у якога «абілечанага» пасажыра, яны аднекуль дасталі раней прыхаваны касавы апарат і доўга ў ім корпаліся. Пасля, заявіўшы, што ім складана самім выбіць квіток і трэба спытацца ў калегі, як тое робіцца, яны прапанавалі прасцейшы варыянт: «А давай мы вернем табе грошы! Скажаш босу, што ехала на папутцы». Я была не супраць. Дастаўшы тоўсценькі гаманец з кіпаю літаў, яны адлічылі мне 30 літаў і з палёгкаю ўздыхнулі, што даволі проста адчапіліся ад надакучлівай пасажыркі.

«Як мы пракантралюем? У нас жа візаў няма!»

Начальнік аддзела перавозак аўтапарка № 2, які займаецца міжнароднымі рэйсамі, Інэса Палюховіч адрэагавала на тэлефанаванне «абуранай пасажыркі» з разуменнем і ахвотна распавяла механізм працы кіроўцаў на гэтых рэйсах: ім выдаюцца з сабою касавыя апараты, каб абілечваць пасажыраў. Кіроўцам забаронена браць аплату за праезд у літах, а таму яны могуць выдаваць квіткі, пачынаючы з беларускай тэрыторыі-то бок з Ашмянаў. На тэрыторыі Літвы кантраляваць продаж кіроўцамі квіткоў павінны літоўскія кантралёры.

Пасля размовы з Інэсай Палюховіч «абураная пасажырка» звярнулася ў вышэйшую інстанцыю — запісалася на прыём да намесніка дырэктара па перавозках аўтапарка № 2 Віктара Палаўчэні, які пацвердзіў інфармацыю Інэсы Сямёнаўны і пры мне спраўдзіў у калегаў, што ліст з адпаведнымі патрабаваннямі быў накіраваны літоўскаму боку. Віктар Віктаравіч прапанаваў дадатковы варыянт вырашэння праблемы: «Напішыце заяву, я проста звольню гэтых кіроўцаў». Паміж намі адбылася невялікая спрэчка.

На маё скептычнае пытанне, хто ж тады будзе працаваць на міжнародных рэйсах у Літву, сп. Палаўчэня з усмешкаю адказаў, што мае больш за 700 кіроўцаў, а таму звольніць 8 чалавек (4 пары) і паставіць на іх месца іншых — не праблема. Я выказала сумнеў, што на падставе адной маёй заявы можна звольніць людзей, і ўдакладніла ў сп. Палаўчэні, якія гарантыі таго, што новыя кіроўцы не будуць карыстацца тым самым механізмам ці не прыдумаюць нейкія новыя спосабы махінацый. Намеснік дырэктара па перавозках аўтобуснага парка № 2 шчыра прызнаўся, што гарантый няма аніякіх — маўляў, скарга ў Літву напісана, але ж немагчыма пракантраляваць, як літоўцы вырашаць сітуацыю. А кожны раз свайго кантралёра садзіць не будзеш. Самім правяраць таксама складана — візаў жа няма…

На нявіннае пытанне, хто мусіць адказаць за тое, што мінімум 3 гады былі створаны шыкоўныя ўмовы для своеасаблівага бізнэсу кіроўцаў, за тое, што іх ніхто не кантраляваў, Віктар Віктаравіч адрэагаваў нервова і спытаўся, ці не яго я маю на ўвазе. Спадар Палаўчэня паўтарыў, што ён не ведаў пра гэты бізнэс, бо туды не ездзіць. Ніякіх падазрэнняў гэты папулярны вечаровы рэйс у яго не выклікаў — ён лічыцца прыбытковым, а бухгалтарка не абавязана параўноўваць колькасць пасажыраў штодня!

Раскрыць панятак «прыбытковага рэйса» Віктар Віктаравіч адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную тайну. Больш за тое, намеснік дырэктара па перавозках пачаў запэўніваць мяне, што прыбытак з рэйсу аніяк не ўплывае на кошт квітка, які нядаўна, дарэчы, падняўся ў 2 разы. Магчыма, што непасрэдна кошта квітка гэта не тычыцца. Але цяжка паверыць, што дадатковыя грошы не прыносяць карысці як аўтапарку, так і пасажырам у выглядзе новых камфортных аўтобусаў, ільготаў на праезд і г.д.

Дарэчы, начальнік аддзелу перавозак Інэса Палюховіч напачатку пагадзілася паглядзець колькасць пасажыраў, якія, паводле дакументаў, ехалі адным са мною аўтобусам, каб параўнаць з лічбаю, зафіксаваную мною. Аднак троху пазней Інэса Сямёнаўна паведаміла, што параілася з юрысткаю і вырашыла не даваць мне гэтую інфармацыю. Ёсць што хаваць?..

Як тысячы долараў патрапляюць у кішэні кіроўцаў?

Такім чынам, сітуацыя схематычна праясняецца:

1. Аўтапарк задавальняецца мінімумам неабходнага прыбытку і не звяртае аніякай увагі на самадзейнасць кіроўцаў, ускладае адказнасць за сумнеўныя дзеянні кіроўцаў на літоўскіх калегаў.

2. Літоўскаму боку абыякава тое, як і па якім кошце прадаюць квіткі кіроўцы, бо рэйс — беларускі і прыбытак ідзе ў кішэню беларусам. Я двойчы праверыла, ці пачалі літоўцы пасля скаргаў беларусаў ставіць кантралёраў на рэйсы — не, не пачалі. На жаль, кіраўніцтва аўтапарку, паводле іх словаў, не мае візаў і таму не можа ўпільнаваць, ці ставяць літоўцы кантралёраў пры аўтобусе. Незразумела, праўда, чаму беларускі бок не можа правяраць наяўнасць квіткоў на сваёй тэрыторыі — напрыклад, падчас прыпынку ў Ашмянах з дапамогаю мясцовых кантралёраў.

3. Кіроўцы, карыстаючыся бяздзейнасцю і абыякавасцю абодвух бакоў, разгарнулі прыбытковы бізнэс, у якім зацікаўленыя, магчыма, не толькі яны. Пасля другой вандроўкі з Вільні я падышла да кіроўцаў і спыталася, ці не «зарываюцца яны», так нахабна і адкрыта праварочваючы свае махінацыі і нелегальна зарабляючы столькі грошай. У адказ я пачула нервовы смех — маўляў, думаеш, гэта ўсё нам ідзе? Дзяліцца ж з усімі трэба…

4. Большасць пасажыраў з-за эканоміі ў 6 літаў маўчыць, застаючыся без папяровага квітка — а значыцца, і без прававой абароны ў надзвычайным выпадку. Пасажыр, які не мае квітка на праезд, не можа ў выпадку аварыі ці здарэння разлічваць на атрыманне страхоўкі.

У аўтобусе, якім ехала я, было 32 чалавекі. 4–5 з іх выехала з Коўні, яшчэ 5 «шчасліўчыкаў» здолелі набыць квіток у Вільні. Будзем улічваць толькі тых, хто ехаў да самага Мінска: адымаючы ад 32 пасажыраў 6 асобаў, якія выйшлі ў Ашмянах, і 10 чалавек з квіткамі, атрымоўваем мінімум 16 чалавек, грошы якіх пайшлі міма касы ў самым прамым значэнні гэтага выразу. 480 літаў (амаль 200 долараў ЗША) з аднаго рэйса! А рэйсы штодзённыя, і ў большасці выпадкаў аўтобусы выходзяць з Вільні перапоўненымі!

Калі браць за прыклад аўтобус, у якім ехала я, дык за год выходзіць мінімум 175 200 літаў (або 71 712 долараў ЗША). І гэтыя грошы лішнія для аўтапарка? За гэтую суму можна набыць троху патрыманы аўтобус Mercedes на 51 месца! За 3 гады, якія я на свае вочы назіраю гэтую карціну, можна было б папоўніць аўтапарк такімі 3 аўтобусамі! І гэта толькі адзін прахадны рэйс, а іх на дзень з паўдзясятка — магчыма, і там «пракручваюцца» падобныя схемы?..

Дарэчы, у адміністрацыі аўтапарка № 2 мне паведамілі, што пуцявы дакумент аўтобуса праходзіць праверку на мяжы, і не было выпадкаў, каб колькасць пасажыраў, занатаваная ў дакументах кіроўцы, не супадала з колькасцю пасажыраў, якую фіксуюць памежнікі. Тэарэтычна памежнікі павінны заходзіць у аўтобус і самастойна пералічваць колькасць пасажыраў, пацвярджаючы дадзеныя пячаткаю. Ці ўключаны памежнікі ў «схему» кіроўцаў, і калі так, дык якім чынам? Тут пачынаюцца пытанні, на якія аднаму журналісту цяжка атрымаць адказы.

P. S. Вынікі гэтага расследвання перададзеныя ў адпаведныя адказныя структуры. Чакаем працяг гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?