Традыцыйны зімовы адпачынак расейскіх алігархаў на фэшэнэбэльным францускім гарналыжным курорце Куршэвель азмрочаны гучным скандалам. Групу мільярдэраў на чале з саўладальнікам «Інтэрроса» Міхаілам Прохаравым і віцэ‑прэзыдэнтам кампаніі «Нарыльскі нікель» Алегам Байбаковым у аўторак затрымалі францускія паліцыянты, якія праводзілі чарговы рэйд па барацьбе з прастытуцыяй. Разам зь імі быў затрыманы памочнік Прохарава Дзьмітры Шатаў, паведаміла радыёстанцыя «Эхо Москвы».

Невядома, якія менавіта прэтэнзі выстаўляе затрыманым паліцыя. Паводле некторых зьвестак, усё, што ім могуць інкрымінаваць францускія ўлады, гэта выкарыстаньне інтымных паслугаў. У такім разе ніякіх юрыдычных пасьледкаў для затрыманых ня будзе, бо паліцэйская апэрацыя скіраваная супраць прастытутак, а ня супраць іх кліентаў.

Паводле другой вэрсіі, у справе расейскіх алігархаў могуць фігураваць наркотыкі й адмываньне грошай. І нарэшце, ёсьць вэрсіі, што некаторыя прастытуткі былі непаўнагадовымі, а таксама, што расейцаў зартымалі ў якасьці сьведкаў па факце сутэнёрства, — пералічае меркаваньне сьведкаў і крыніцаў газэта «Ведомости».

Кампаніі, супрацоўнікі якіх былі затрыманыя, адмаўляюцца камэнтаваць здарэньне альбо заяўляюць, што гэта, найверагодней, непаразуменьне, якое неўзабаве праясьніцца.

У другой палове дня зьявілася інфармацыя, што Прохарава зьвінавацілі ў сутэнэрстве.

Паводле «Газета.Ru»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0