Міністр юстыцыі Літвы запрасіў на сустрэчу рэдактара сайта charter97.org Наталлю Радзіну і раскрыў падрабязнасці «банкаўскага скандалу».

Для нас, беларусаў, вельмі нязвыкла, калі чыноўнік найвышэйшага рангу гатовы растлумачыць сваю пазіцыю не толькі для сваіх грамадзян, але і для грамадзян суседняй краіны. Сустрэчу з Наталляй Радзінай Рэмігіюс Шымашус пачаў са словаў:

— Хацеў бы выказаць шкадаванне з нагоды факту перадачы Літвой фінансавай інфармацыі аб дзейнасці Алеся Бяляцкага і ў сувязі з тым, што гэта было выкарыстана беларускімі ўладамі супраць яго як супраць змагара за правы чалавека.

І, вядома ж, уся адказнасць за тое, як гэтая інфармацыя будзе выкарыстаная, кладзецца на беларускія ўлады,
таму што дамова пра абмен юрыдычнай інфармацыі дзейнічае з 1993 года, і 18 гадоў ён працаваў для таго, каб лавіць сапраўдных злачынцаў. Гэта даволі актыўнае супрацоўніцтва, таму што мы краіны-суседзі. Па статыстыцы мы штогод атрымліваем ад беларускага боку каля 500 запытаў, і практычна столькі ж просьбаў аб прадстаўленні юрыдычнай дапамогі паступае ад Літвы.

Інцыдэнт з Алесем Бяляцкім падняў новыя пытанні. Мы бачым, што гэтая сістэма не без недахопаў, і гэта стала даволі балючым для нас. Літоўскія ўлады зробяць усё, каб такое не паўтарылася ў будучыні, і мы паспрабуем выправіць сітуацыю. І я хацеў бы падкрэсліць: было шмат размоваў і спекуляцый на тэму таго, што гэта можа быць звязана з літоўскай замежнай палітыкай. Я не ўпаўнаважаны каментаваць нашу замежную палітыку, але хацеў бы падкрэсліць, што прынцыповых зменаў няма. І калі б былі нейкія змены ў нейкіх палітычных аспектах, гэта ніяк бы не ўплывала на тое, якую інфармацыю Літва дае пра беларускіх грамадзян. У інтарэсах Літвы супрацоўнічаць з Беларуссю юрыдычна, але каб гэта ніяк не нашкодзіла дэмакратычным сілам краіны. Вы не павінныя думаць, што Літва адмаўляецца ад падтрымкі вашай барацьбы за свабоду і дэмакратыю.

— Ці можаце паведаміць падрабязнасці таго, як адбываўся працэс перадачы банкаўскай інфармацыі аб дзейнасці Бяляцкага беларускім уладам з самага пачатку?

— 2 лютага 2011 літоўскае Міністэрства юстыцыі атрымала запыт з Міністэрства юстыцыі Беларусі аб прадстаўленні гэтай інфармацыі. Мы, чыноўнікі Міністэрства юстыцыі, разглядалі гэта як руціннае пытанне. На жаль, нават людзі, якія знакамітыя ў Беларусі, не заўсёды вядомыя нават высокаадукаваным людзям у Літве. Намі быў зроблены запыт у банкі. Пасля таго, як інфармацыя была атрыманая ад банкаў, яна была перададзеная Мінюсту Беларусі. І толькі праз некалькі месяцаў, у канцы чэрвеня, мы атрымалі ад Міністэрства замежных справаў Літвы інфармацыю пра тое, што гэта можа быць выкарыстана ў палітычных мэтах.

У той жа дзень, 21 чэрвеня, было вырашана спыніць даваць фінансавую інфармацыю Беларусі.
Вядома, у нашых інтарэсах аднавіць гэтае супрацоўніцтва, але пасля таго, як мы знойдзем механізмы, як зрабіць, каб нашая інфармацыя не выкарыстоўвалася для рэпрэсій супраць актывістаў дэмакратычных сіл.

— Паведамлялася, што вамі былі перададзеныя дадзеныя пра банкаўскія рахункі 400 беларусаў. Ці так гэта?

— Я ўжо чуў шмат інтэрпрэтацый, і ўсе яны не вельмі карэктныя. 400 — гэта статыстычныя дадзеныя пра тое, колькі запытаў Літва штогод падае ў Беларусь, і 500 запытаў мы атрымліваем з Беларусі.

— У вас нейкія квоты?

— Не, гэта проста статыстыка за некалькі мінулых гадоў. Квотаў ніякіх няма, гэта робіцца па дамове 1992 года, ратыфікаванай парламентамі. Няма ніякага спісу ці чагосьці ў гэтым родзе.

— Значыць, гэта не выглядала 2 лютага як вялікі спіс з 400 прозвішчаў, сярод якіх быў Бяляцкі?

— Не.

— Гэта значыць, быў запыт канкрэтна на аднаго Бяляцкага?

— Я не магу цяпер дакладна сказаць. Гэта быў ці то запыт канкрэтна з нагоды аднаго Бяляцкага, ці то запыт на яго і яшчэ аднаго чалавека. Адначасовых запытаў на вялікую колькасць грамадзян ніколі не было.

— А колькі ўсяго сёлета ўжо было запытаў аб банкаўскіх рахунках беларусаў?

— Мы пакуль не можам назваць дакладную лічбу. Людзей, якія цяпер перажываюць, што інфармацыя пра іх будзе перададзеная ўладам, я хачу запэўніць, што мы спынілі ўвесь паток інфармацыі. І адновім яго, калі будзем ўпэўненыя, што гэта не зашкодзіць беларускім апазіцыянерам. Цяпер мы аналізуем інфармацыю за гэты і за мінулы год на прадмет таго, ці няма яшчэ выпадку перадачы інфармацыі пра якога-небудзь дэмакратычнага актывіста. Пакуль мы яшчэ такіх дадзеных не выявілі. І я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца.

— А ці можна для спакою беларускіх дэмакратаў апублікаваць спісы людзей, чые рахункі раскрытыя беларускім уладам?

— Гэтага спісу, вядома, нельга апублікаваць. Але я магу запэўніць, што цягам найбліжэйшых дзён мы будзем мець поўную інфармацыю. Калі знойдуцца людзі, з нагоды якіх мы маем нейкія пытанні, то мы, вядома, іх папярэдзім.

— Як беларускі бок адрэагаваў на спыненне Літвой прававога супрацоўніцтва?

— Афіцыйнай рэакцыі пакуль няма. Думаю, у інтарэсах абедзвюх дзяржаваў, каб людзі, якія крадуць машыны або здзяйсняюць іншыя, сапраўдныя, злачынствы, былі злоўленыя і асуджаныя. І абмен гэтай інфармацыяй павінен адбывацца. Нават калі мы маем нейкія сумневы з нагоды асобных справаў. Мы пастараемся зрабіць так, каб супрацоўніцтва ў плане абмену крымінальнай інфармацыяй аднавілася.

— А вы не думаеце, што ў адплату за тое, што вы не выдаяце інфармацыю пра дэмакратычных актывістаў, рэжым Лукашэнкі не будзе вам выдаваць інфармацыю пра злачынцаў на тэрыторыі Беларусі?

— Я не хацеў бы спекуляваць на тэму, як зробяць беларускія ўлады. Я думаю, што ў інтарэсах народаў абедзвюх краін, каб нармальнае супрацоўніцтва было адноўленае.

— У літоўскіх банках напэўна нямала рахункаў і беларускіх чыноўнікаў, і вядома, гэтыя грошы заробленыя далёка не сумленным шляхам. ЗША ўжо даўно прынялі рашэнне замарозіць рахункі атачэння Лукашэнкі, іншая справа, што яго памагатыя не трымаюць свае актывы ў Амерыцы. Наколькі імаверная перспектыва раскрыцця і «замарозкі» іх рахункаў у Літве?

— Міністэрства юстыцыі ў гэтым выпадку грае не вельмі значную ролю. Мы проста карэспандэнтны бок для замежнага супрацоўніцтва, атрымліваем запыты з іншых краін і дасылаем гэтыя запыты ў іншыя ўстановы.

Вядома, калі нешта зменіцца ў гэтым свеце і ў нашым рэгіёне, калі будзе рашэнне Еўрасаюза і паўстане пытанне пра банкаўскія рахункі беларускіх чыноўнікаў, то, несумненна, усе гэтыя рахункі будуць раскрытыя і замарожаныя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?