Арбітражны суд Масквы ў жніўні паставіў кропку ў гучнай справе, звязанай з картэльнай змовай з удзелам аднаго з найбуйнейшых у СНД вытворцаў харчовай солі «Мазырсоль».

Суд, як і прадказвалася, адмовіў у задавальненні патрабаванняў беларускага вытворцы аб прызнанні несапраўдным папярэдняга рашэння Федэральнай антыманапольнай службы аб нярынкавых дзеяннях «Мазырсолі».

«ФАС Расіі выявіла шэраг парушэнняў антыманапольнага заканадаўства як у частцы злоўжывання даміноўным становішчам, так і ў частцы ажыццяўлення каардынацыі дзеянняў гаспадарчых суб’ектаў — удзельнікаў рынку вытворчасці і рэалізацыі харчовай солі», — адзначыў начальнік Упраўлення кантролю хімічнай прамысловасці і аграпрамысловага комплексу ФАС Тэймураз Харытанашвілі.

Нагадаем, што 20 студзеня 2011 камісія ФАС Расіі па разглядзе справы аб парушэнні антыманапольнага заканадаўства вынесла рашэнне, прызнаўшы картэльнай змову паміж ААТ «Мазырсоль», эксклюзіўным дыстрыбутарам ТАА «Беларуская харчовая кампанія» і расійскімі дылерамі на рынку Масквы і Маскоўскай вобласці.

Як высветліла ФАС, гэтыя кампаніі ў лютым 2010 года на спецыяльнай нарадзе дамовіліся пра аб’ёмы і асартымент паставак прадукцыі «Мазырсолі», замацавалі дамоўленасці ў пратаколе нарады. Пры гэтым ФАС упэўненая, што палажэнні пратаколаў выконваліся: пра гэта, у прыватнасці, сведчылі дадзеныя па пастаўках прадукцыі, вырабленай беларускай кампаніяй.

Масква і Падмаскоўе ў грашовым плане з’яўляюцца галоўным рынкам збыту беларускага вытворцы яшчэ з савецкіх часоў. «Мазырсоль», якая распачала вытворчасць у 1982 годзе, першапачаткова арыентавалася на забяспечанне патрэбаў жыхароў гэтага рэгіёну.

Агульная магутнасць прадпрыемства складае 360–400 тыс. тон харчовай солі ў год, з якіх вялікая частка пастаўляецца на расійскі рынак. Так, па выніках 1-га паўгоддзя 2011 з усяго аб’ёму рэалізаванай прадукцыі 187,8 тыс. тон на экспарт было пастаўлена 144,9 тыс. тон на суму 17,2 млн даляраў. Гэта прыкладна на 20% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым на расійскі рынак «Мазырсоль» адгрузіла 103,1 тыс. тон.

Генеральны дырэктар ААТ «Мазырсоль» Міхаіл Літвін у шэрагу каментароў з нагоды прэтэнзій ФАС да беларускага прадпрыемству адзначыў, што ў іх у першую чаргу могуць быць зацікаўленыя расійскія канкурэнты. Так, ён адзначыў, што прычынай прэтэнзій ФАС можа быць жаданне асобных расійскіх бізнэсоўцаў паставіць пад кантроль беларускае прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?