Насамрэч сьпіс як ніколі інфарматыўны, але для больш спакойнага ўспрыманьня патрабуецца колькі дробных паправак.

«Кнігі году‑2006»

Я настойваю на гэткім удакладненьні, а лепей, абмежаваньні. Перад намі кнігі году. Менавіта прэтэндэнтаў на гэткі тытул прапаноўвалі ўдзельнікі апытаньня. Не рызыкнуў бы вызначаць гэткім чынам кнігі «найлепшыя» хоць бы таму, што немагчыма параўноўваць Туронка з Барадуліным. Казаць жа пра кнігі‑падзеі — больш карэктна і больш прыдатна ў сытуацыі небагатага кніжнага рынку.

Пажытак для розуму

Сьпіс, які атрымала «НН» — аніякі ня рэйтынг з «найгоршых» і «найлепшых» кніжак. Зь яго мала што можна выцягнуць адносна таго, якую кнігу варта знайсьці і прачытаць, але ён шмат цікавага гаворыць пра дзьве грамады: чытачоў і аўтараў.

Нават кнігі, якія апынуліся на першым і другім месцы, згаданыя менш чым паловаю апытаных. Трэцяга «прызэра» згадалі ўжо толькі трое. Ці можна тут увогуле гаварыць пра нейкі рэйтынг? Сумленным будзе сьцьверджаньне, што маем у 2006‑ым годзе толькі дзьве кнігі, вартыя звацца «Кнігамі году», рэшта складае тлум прэтэндэнтаў з прыкладна аднолькава малымі шанцамі.

Калі, адмовіўшыся ад сумнеўнага ранжыраваньня, разгледзець гэтыя кнігі разам, цяжка не заўважыць сьціплай долі мастацкае літаратуры і яшчэ сьціплейшае — сюжэтнае прозы. Крызіс навідавоку, і ў гэтым няма нічога нечаканага.

Другая выснова: цікавасьць чытача да гісторыі пацьвярджаецца вялікай колькасьцю згаданых выданьняў, але на мастацкай ніве шчыруе адна В. Іпатава. Было б гістарычных твораў больш — нехта б апынуўся побач з Туронкам.

Калі першая выснова — простае сьведчаньне цяжкага стану літаратуры ў існых неспрыяльных умовах, дык другое — папрок выдаўцам, якія не заўважаюць попыту і не спрабуюць на яго адказаць.

Не экспэрты, а ўдзельнікі

Відавочна, што аніхто з удзельнікаў апытаньня ня мае доступу да больш‑менш істотнага сэгмэнту кніжнага рынку. Рынак гэты падзяліўся на добра ізаляваныя анклявы.

Можна вінаваціць удзельнікаў‑экспэртаў, а можна зрабіць выснову, што культурная атмасфэра сёньня не спрыяе пераносу інфармацыі, не садзейнічае пашырэньню меркаваньняў.

Мы бачым не экспэртныя ацэнкі меркаваньняў рынку (акрамя адказаў з кнігарняў, якія, аднак, ахопліваюць толькі асобны сэгмэнт менскага рынку, і таму ня могуць лічыцца паўнавартасна прадстаўнічымі), а вынікі прыватнага змаганьня апытаных зь перашкодамі на шляху да беларускага друкаванага слова: спачатку даведацца, пасьля адшукаць, пасьля пабачыць, рашыцца заплаціць грошы, знайсьці час, прачытаць... Калі пасьля не патрабуецца яшчэ й намаганьня, каб не шкадаваць пра немалыя высілкі, — зьяўляецца кандыдат на кнігу году.

Ultra posse nemo obligatur

Сёлетняе апытаньне выдала вынікі, якія цалкам адпавядаюць магчымасьцям мэтодыкі. Яно выдатна прадэманстравала раздрабленьне культурнага поля, нястачу адпаведных сродкаў інфармацыі і распаўсюду, наяўнасьць незадаволенага попыту што на кнігі, што на інфармацыю пра іх. Да яго, да апытаньня, ня варта кіраваць нейкія закіды.

Але гэткія вынікі — нагода задумацца, што атрымаецца ў наступным годзе. Каб палепшыць сытуацыю, патрабуецца ня так і шмат: пісаць, выдаваць, чытаць. Пісаць, выдаваць, чытаць. Пісаць, выдаваць, чытаць...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?