Каля 5 000 прыватных анкет беларусаў трапілі ў Інтэрнэт.

У афіцыйным каментары кіраўніцтва банка адзначанае, што гаворка ідзе не пра спіс кліентаў «МТБанка», а менавіта аб спісе фізічных асоб, якія звярталіся на сайт «МТБанка» з запаўненнем непасрэдна на сайце электронных папярэдніх заяваў. Са зместу названых заяваў няма магчымасці высветліць, які вынік іх разгляду і ці сталі ў выніку гэтага заяўнікі кліентамі банка, а тым больш атрымаць звесткі аб умовах канкрэтных заключаных дамоваў.

«МТБанк» прызнаў, што падзяляе разам з партнёрамі адказнасць за здарэнне і прынёс прабачэнні кліентам, чые дадзеныя ўсё ж такі трапілі ў інтэрнэт, а таксама карыстальнікам сайта «за часовыя нязручнасці».

Нагадаем, што ўвечары 10 жніўня на сайце «МТБанка» ў вольным доступе з’явіліся прыватныя дадзеныя людзей, якія пакінулі заяўкі на крэдыт. Інфармацыя пра ўцечку з’явілася спачатку на форуме Оnliner.by, а пасля ў сацыяльнай сетцы «Твітэр» і выклікала бурную рэакцыю сярод карыстальнікаў — праўда, праз гадзіну уцечку ліквідавалі. Як трапна заўважаюць карыстальнікі «Твітэра» — за гадзіну захаваць сабе інфармацыю на кампутар мог любы жадаючы. Некаторыя карыстальнікі, чые сябры бралі крэдыт у «МТБанка», нават вырашылі падаць у суд на банк.

Такім чынам, у інтэрнэт трапілі не менш за 5 000 анкет патэнцыйных кліентаў банка: адрасы, прыбыткі, фотаздымкі і нават дзявочыя прозвішчы. Канешне ж, параўнанне даходаў стала галоўнай забавай вечара для карыстальнікаў сацыяльных сетак.

У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што канфідэнцыйныя дадзеныя ўжо можна знайсці адным архівам на файлаабменніках. Аднак спасылкі на архівы адміністрацыі форумаў выдаляюць.

Асобным пунктам трэба ўзгадаць і пра тое, што пункт «дзявочае прозвішча маці», які мусіў выкарыстоўвацца як пароль, інтэрнэт-карыстальнікі выбіраюць таксама і як «сакрэтнае пытанне» пры рэгістрацыі электроннай пошты. Па неправераных дадзеных за ўчорашні вечар было ўзламана не менш як пяцьдзесят паштовых скрыняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?