Цяпер мяса, малако й рыбу змогуць пастаўляць у Расею толькі тыя прадпрыемствы, якія праверыў Рассельгаснагляд. Такі парадак дзейнічае для краінаў, якія ў Расеі называюцца "далёкім замежжам", Балтыі і Ўкраины. Для Ўкраіны такі парадак быў уведзены год таму і не нанёс значнай шкоды ўкраінскай эканоміцы.

Як заявіў у чацьвер кіраўнік расейскай Фэдэральнай службы вэтэрынарнага й фітасанітарнага нагляду Сяргей Данкверт, з гэтага моманту Расея будзе імпартаваць мяса, малако й рыбу зь Беларусі толькі з атэставаных Рассельгаснаглядам прадпрыемстваў.

Фактычна, гэта першыя гандлёвыя санкцыі супраць «братняе краіны». Такім чынам, іх увядзеньне распачалося з жывёлагадоўчае прадукцыі, якою славіцца Беларусь.

Такі самы рэжым дзейнічае для краінаў Балтыі і Ўкраіны. Для Ўкраіны такі парадак быў уведзены год таму. Варта адзначыць, што ён не нанёс значнай шкоды ўкраінскай аграрнапрамысловай галіне.

На думку расейскага інтэрнэт-выданьня gazeta.ru, прычына, чаму акурат цяпер надумаліся перавесьці беларускія прадпрыемствы ў разрад «далёказамежных», не з сфэры гігіены, а ў вострым нафтагазавым конфлікце між краінамі. А за ім, у сваю чаргу, імкненьне Расеі дабіцца ад Лукашэнкі выкананьня інтэграцыйных абавязкаў, якія той шчодра раздаваў.

У апошнія хвіліны мінулага году Беларусь пад ціскам Масквы падпісала дамову аб перадачы "Газпрому" кантролю над "Белтрансгазам", пераходзе на эўрапейскія цэны ад 2011 году і пастаўках газу ў Беларусь па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў у наступным годзе. Нават прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі прызнаў той кантракт "у цэлым нявыгадным для Беларусі".

А з 1 студзеня "Белнафтахім" адрокся закупак нафты з Расеі з 1 студзеня, пасьля ўвядзеньня нашай суседкай экспартных мытаў на пастаўкі нафты ў Беларусь. У выніку гэтага кроку чорная сыравіна падаражэла для нашай краіны на 180 даляраў. Раней Беларусь атрымлівала нафту бяз мыта, у адрозьненьне ад Украіны ці Літвы, якія плацілі поўныя грошы.

Пра павышэньне мытаў стала вядома 11 сьнежня, калі адпаведнае рашэньне падпісаў расейскі прэм’ер Фрадкоў. Тым ня менш, вырашэньне праблеме дагэтуль ня знойдзенае.

Спрабуючы вырваць ад Масквы палёгкі, Аляксандар Лукашэнка 4 студзеня загадаў абкладаць беларускім мытам гіганцкі нафтавы транзыт празь Беларусь.

У адказ у ноч на панядзелак ўпершыню былі прыпыненыя пастаўкі нафты ў Эўропы праз нафтаправод "Дружба". Расейская "Транснефть" абумовіла гэта адпампоўваньнем нафты ў Беларусі з транзытнага нафтаправоду.

Пасьля тэлефоннай размовы Лукашэнкі з Пуціным у сераду мыты былі неадкладна скасаваныя, Беларусь на патрабаваньне "Транснефті" вярнула адпампаваную сыравіну. У чацьвер прэм’ер Сяргей Сідорскі выправіўся ў Маскву на перамову з расейскім калегам Фрадковым.

Беларускі ўрад разьлічвае падпісаць хоць які варыянт падзелу мыта на экспарт нафтапрадуктаў. Сідорскі хацеў бы, каб 50 % мыта трапляла ў беларускі бюджэт. Аднак беларуская доля пошлінаў можа аказацца і ніжэйшаю за 50 %.

Па дарозе ў Маскву Сідорскі сёньня заявіў, што прынятыя Масквой захады "скіраваныя на падпарадкаваньне эканомік іншых краінаў". Гэтыя рэзкія словы маюць грунт пад сабой. Толькі што Беларусь ня мае чым адказаць, акрамя як агрызацца.

Расея працягвае жорсткі прэсінг. Абмежаваньне, пра якое абвешчана сёньня, -- гэта чарговы акт шантажу.

У цяжкім процістаяньні ўрад Лукашэнкі ня можа разьлічваць па палітычную і фінансавую дапамогу Захаду, які ў аналягічных сытуацыях дапамог вытрымаць ціск і перабудаваць гаспадарку спачатку краінам Балтыі, а апошнія гады – Украіне і Грузіі. Гэтыя краі перажылі "нафтавы шок" у першай палове 90-х, а "газавы шок" у мінулыя гады безь вялікага клопату для эканомік.

Як распавялі "Газете.Ru" ў Рассельгаснаглядзе, «пакуль ніводнае жывёлагадоўчае прадпрыемства Беларусі расейскім ведамствам акрэдытаванае не было. Плян акрэдытацыі мае быць зацьверджаны 15 студзеня на сустрэчы кіраўнікоў вэтэрынарных службаў Беларусі й Расеі.

Ад уведзеных санкцый пацерпяць, у прыватнасьці, "Савушкаў прадукт" (Берасьце), "Белавескія сыры" (Пружаны-Высокае), "Бярозка" (Бяроза) і іншыя кампаніі, што асвойвалі расейскі рынак пад цёплай апекай былога берасьцейскага старшыні аблвыканкаму, а цяпер пасла ў Расеі Васіля Даўгалёва. Даўгалёў, асабісты сябар А. Лукашэнкі, быў, дарэчы. прызначаны на гэтую пасаду пасьля шэрагу выпадкаў, калі пад коламі ягонага выканкамаўскага аўтамабіля пад Берасьцем гінулі людзі. Гэтыя здарэньні моцна падарвалі ягоную папулярнасьць. Такога чалавека можна было выпусьціць на адказную пасаду ў Маскву бяз рызыкі, што гэты чалавек павядзе ўласную палітычную гульню. Як бачым, інтарэсы Беларусі такому паслу абараняць пакуль ня дужа ўдаецца.

Па чым удараць сельскагаспадарчыя санкцыі?

Па-першае, па мясакамбінатах і, адпаведна, жывёлагадоўчых комплексах. Паводле вынікаў 2006 году Беларусь заняла шостае месца па пастаўках у Расею сьвініны пасьля Бразыліі, Даніі, ЗША, Канады й Нямеччыны. Як падае расейская мытня і "Росстат", у першым паўгодзьдзі 2006 году ў Расею было пастаўлена па імпарце каля 563 тыс. т сьвежага й марожанага мяса. Беларуская доля ў імпарце падскочыла, бо беларусы спрытна апанавалі нішу забароненай для ўвозу ў Расею ўкраінскай мясной прадукцыі.

Доля Беларусі ў імпарце масла ў 2006 годзе дасягнула больш чым 45 % (38 % у 2005-м). Імпарт сухога малака ў Расею практычна цалкам ажыцьцяўляўся Беларусьсю (больш чым на 80 %).

Выканаўчы дырэктар Малочнога саюзу Расеі Ўладзімір Лабінаў у сераду нават выказаў думку, што на беларускую малочную прадукцыю варта ўвесьці паўнавартыя мыты ў памеры 15 %. Толькі гэта, на ягоную думку, можа ўратаваць Расею ад беларускага дэмпінгу й рээкспарту.

Фота з сайту kp.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?